2017-03-04 12:56:00

Святы Айцец: палепшыць стан сакральнай музыкі


Рабіць каштоўны ўнёсак у абнаўленне і якаснае паляпшэнне стану сакральнай музыкі заклікаў Францішак 4 сакавіка 2017 г. удзельнікаў міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 50-годдзю паслясаборнай інструкцыі “Musicam Sacram”. Форум прайшоў 2-4 сакавіка 2017 г. у Рыме па ініцыятыве Папскага інстытута сакральнай музыкі і Папскага літургічнага універсітэта св. Анзэльма.

Святы Айцец падтрымаў жаданне ўдзельнікаў сустрэчы “прааналізаваць актуальную сувязь паміж сакральнай музыкай і сучаснай культурай”, паразважаць над “эстэтычнай і музыкальнай падрыхтоўкай, як духавенства і кансэкраваных асоб, так і свецкіх вернікаў”.

Першым дакументам Другога Ватыканскага Сабора стала Канстытуцыя пра святую Літургію “Sacrosanctum Concilium”, а таксама асобныя інструкцыі да яе, сярод якіх “Musicam sacram”, нагадаў Пантыфік. Дакумент падкрэслівае важнасць удзелу ў літургіі ўсіх вернікаў, сцвярджаючы, што “сапраўдная ўрачыстасць літургічнага абраду залежыць не столькі ад багацця спеву і раскошы цырыманіяльнага атрыбуту, колькі ад годнага і пабожнага яго перажывання”. “Актыўны і свядомы ўдзел”, упэнены Францішак, палягае на ўменні “глыбока пранікаць у гэтую таямніцу, сузіраць, праслаўляць і прымаць яе”, усведамляць яе сэнс дзякуючы пабожнай цішыні і “музычнасці мовы, на якой прамаўляе Бог”.

На думку Святога Айца, у галіне сакральнай музыкі Касцёл закліканы спаўняць дзве місіі. Па-першае, захоўваць і цаніць каштоўнасць багатай спадчыны мінулага праз яе збалансаванае ўжыванне і пазбяганне яе “археалагічнага”, настальгічнага ўспрыняцця. Па-другое, спрыяць “інкультурацыі” сакральнай музыкі і літургічнага спеву ў сучаснае мастацтва. Папа заклікаў “вучыцца ўвасабляць і перакладаць Божае Слова ў спевы, гукі, гармонію”, якія б краналі сэрцы нашых сучаснікаў і дапамагалі цалкамі ўдзельнічаць у таямніцы, якая цэлебруецца.

Пантыфік прызнаў, што “сустрэча з сучаснасцю і ўвядзенне сучасных моваў ў літургію выклікала шмат праблем”: “часам пераважаюць пасрэднасць, павярхоўнасць і банальнасць на шкоду прыгажосці і насычанасці літургіі”. Святы Айцец упэўнены што, каб палепшыць стан сакральнай музыкі, трэба забяспечваць адпаведную музыкальную адукацыю, падтрымліваць экуменічны дыялог, кантакты з сучасным музычным светам і культурнымі ўстановамі ў розных сферах.

 








All the contents on this site are copyrighted ©.