2017-03-03 14:20:00

Папа прыме кіраўнікоў краін Еўрапейскага Саюза


Францішак прыме 24 сакавіка 2017 г. у Ватыкане кіраўнікоў краін Еўрапейскага Саюза. Гэта адбудзецца напярэдадні важнага саміту ЕС, які павінен даць гэтаму інстытуту новы напрамак пасля “Brexit”. Саміт адбудзецца 25 сакавіка, у 60-ю гадавіну падпісання Рымскай Дамовы, што дала пачатак Еўрапейскай эканамічнай супольнасці, папярэдніцы Еўрасаюза. Пантыфік прыме палітыкаў у 18.00 у Апостальскім палацы.

Пра магчымасць сустрэчы еўрапейскіх лідэраў з Папам згадваў яшчэ 27 лютага прэм’ер-міністр Мальты Джозэф Мускат. На яго думку, Фрэнцішак можа “забяспечыць лідэрства, якога не хапае палітычным дзеячам”. “Я ўпэўнены, – улічваючы абставіны – гэта найбольш адпаведны лідэр, які мае кампетэнцыю і бачанне, каб гаварыць перавышаючы рэчаіснасць і банальнасць, што нам не падабаецца ў палітыцы”, - сказаў кіраўнік мальтыйскага ўрада, дадаўшы з усмешкай, што ён кажа гэта як сацыяліст.

Таксама кіраўнік Інстытута Жака Дэлора, Іў Бертанчыні лічыць, што з канца прэзідэнцтва Барака Абамы, Папа з’яўляецца адзіным маральным аўтарытэтам, які мог бы быць арыенцірам для еўрапейскіх лідэраў.

Францішак у лістападзе 2014 г. наведаў штаб-кватэру Еўрапейскага парламента ў Страсбургу, а ў маі 2016 г. атрымаў Прэмію Карла Вялікага, якая прысуджаецца асобам, якія зрабілі выдатны ўнёсак у еўрапейскае адзінства.








All the contents on this site are copyrighted ©.