2017-03-03 11:50:00

Насычаная праграма Францішка ў бліжэйшыя месяцы


Шырокая і насычаная праграма чакае папу Францішка ў бліжэйшыя месяцы. 3 сакавіка 2017 г. у Ватыкане быў апублікаваны план літургічных цэлебрацый з яго удзелам у сакавіку і красавіку.

Сёлетнія вялікапосныя рэкалецыі для Святога Айца і супрацоўнікаў Рымскай курыі пройдуць 5-10 сакавіка 2017 г. у мястэчку Арыча, у 30 км ад Рыма на тэму: “Мука, смерць і ўваскрасенне Езуса паводле св. Мацвея”. Праз тыдзень пасля іх завяршэння, у пятніцу, 17 сакавіка Пантыфік узначаліць пакутнае набажэнства ў базыліцы св. Пятра, а 25 сакавіка адправіцца з пастырскім візітам у Мілан. У апошнюю нядзелю Вялікага посту, 2 красавіка, яго чакае пастырскі візіт у Карпі.

Асабліва насычаным стане перадпасхальны час і самі велікодныя ўрачыстасці. У Пальмовую нядзелю, 9 красавіка, Папа ўзначаліць Эўхарыстыю на плошчы св. Пятра, падчас якой адбудзецца працэсія з пальмамі. Вялікі Чацвер, 13 красавіка, распачнецца для Пантыфіка сустрэчай са святарамі на Эўхарыстыі ў ватыканскай базыліцы, а завершыцца вечарам Імшой Вячэры Пана. Дзе яна адбудзецца, пакуль не паведамляецца. Звычайна, гэта адмысловае месца сустрэчы з чалавечым цярпеннем. У мінулыя гады, гэта былі, між іншым, калонія для непаўнагадовых “Casal del Marmo” і рымская турма “Rebibbia”. 14 красавіка вечарам Святы Айцец узначаліць набажэнства Вялікай Пятніцы ў ватыканскай базыліцы, пасля якога накіруецца ў рымскі Калізей, дзе возьме ўдзел у Крыжовым Шляху. У суботу, 15 красавіка, Францішак правядзе Імшу Пасхальнай Вігіліі ў базыліцы св. Пятра. У Вялікдзень, 16 красавіка, ён узначаліць святочную Эўхарыстыю на плошчы св. Пятра, пасля якой падымецца на балкон цэнтральнай лоджыі ватыканскай базылікі, каб прамовіць сваё пасланне міру і ўдзяліць благаслаўленне “Urbi et Orbi”.








All the contents on this site are copyrighted ©.