2017-02-26 12:13:00

Францішак: падтрымаць людзей з рэдкімі хваробамі


Святы Айцец выказаў блізкасць з асобамі, якія пакутуюць ад рэдкіх хваробаў. Адмысловы заклік Пантыфік скіраваў 26 лютага 2017 г. пасля малітвы "Анёл Панскі" на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

"Вітаю групу, якая прыбыла з нагоды Міжнароднага дня рэдкіх захворванняў. Дзякую за ўсё, што вы робіце і заклікаю, каб пацыенты і іх сем'і атрымлівалі належную падтрымку на нялёгкім шляху, як на медыцынскім, так і на заканадаўчым узроўнях", - сказаў Папа.

Міжнародны дзень рэдкіх захворванняў штогадова адзначаецца 28 лютага. Ён быў устаноўлены і праводзіцца Еўрапейскай арганізацыяй па рэдкіх хваробах (EURORDIS) і яе каардынацыйным органам – Саветам нацыянальных альянсаў (Сouncil of National Alliances) з 2008 г..

У лістападзе 2016 г. у Ватыкане адбылася канферэнцыя прысвечаная рэдкім і “забытым” хваробам. Яе ўдзельнікі адзначалі, што такіх захворванняў у свеце ад 5000 да 8000; 80% з іх генетычнага паходжання, якія прама пагражаюць жыццю чалавека. Паводле ацэнак, ад рэдкіх захворванняў у свеце пакутуюць каля 400 мільёнаў чалавек. 








All the contents on this site are copyrighted ©.