2017-02-26 12:28:00

Папа: адчайны пошук зямных багаццяў не робіць шчаслівымі


Стаць вернымі распарадчыкамі дабротаў, якія Бог нам падарыў, але не "перастарацца", нібыта ўсё, у тым ліку наша збаўленне, залежыць толькі ад іх, заклікаў папа Францішак 26 лютага 2017 г. падчас нядзельнай сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” ў Ватыкане. 

"Сённяшні евангельскі ўрывак (пар. Мц 6,24-34) – гэта моцны заклік давяраць Богу. Не забывайце давяраць Богу, які клапоціцца пра жывых істотаў у стварэнні, - заклікаў Папа. - Ён дае ежу ўсім жывёлам, турбуецца пра палявыя ліліі і траву (пар. 26-28), яго добразычлівы і клапатлівы позірк штодзённа чувае над нашым жыццём. Яно праходзіць у клопаце пра мноства праблем, якія пагражаюць пазбавіць спакою і раўнавагі; але гэта трывога часта непатрэбная, бо няздольная змяніць бег падзей. Езус настойліва заклікае не турбавацца аб заўтрашнім дні, нагадваючы, што над усім ёсць любячы Айцец, які ніколі не забывае пра сваіх дзяцей: давер да Яго не вырашае праблем магічным чынам, але дазваляе змагацца з імі са слушным настроем, адважна. Я мужны, бо давяраю майму Айцу, які клапоціцца пра мяне і вельмі мяне любіць.

Бог не з'яўляецца далёкім і ананімным: Ён наш прытулак, крыніца нашага спакою і міру. Ён – скала нашага збаўлення, за якую можам трымацца з упэўненасцю ў тым, што не ўпадзем. Хто трымаецца за Бога – не ўпадзе ніколі! Ён – наша абарона ад зла, якое заўсёды падпільноўвае. Бог – гэта наш вялікі сябар, саюзнік, айцец, але мы не заўсёды гэта ўсведамляем. Не ўсведамляем, што маем сябра, саюзніка, айца, які нас вельмі любіць. Мы аддаем перавагу таму, каб абапірацца на бліжэйшыя даброты, якіх можам дакрануцца, на выпадковыя даброты, забываючы, а часам адмаўляючы, вышэйшае дабро – бацькоўскую любоў Бога. Адчуваць Яго Айцом у гэту эпоху сіратлівасці – вельмі важна! Важна адчуваць Яго Айцом у гэтым сіратлівым свеце. Мы аддаляемся ад любові Бога, калі ідзем навязліва шукаць зямныя даброты і багацці, паказваючы такім чынам празмерную любоў да гэтых рэчаў.

Езус кажа нам, што гэты адчайны і падманлівы пошук з'яўляецца прычынай нешчаслівасці і дорыць сваім вучням фундаментальнае жыццёвае правіла: "Шукайце найперш Валадарства Божага" (Мц 6,33). Гаворка ідзе пра спаўненне задумы, якую Бог абвясціў падчас Нагорнага казання, давяраючы Богу, які не расчаруе. Многія сябры ці тыя, каго мы лічылі сябрамі, расчаравалі, але Бог не расчаруе ніколі! Трэба стаць як верныя распарадчыкі дабротаў, якія Ён нам падарыў, таксама і зямных, але не "перастарацца", нібыта ўсё, у тым ліку наша збаўленне залежыць толькі ад іх. Гэта евангельская пазіцыя патрабуе яснага рашэння, на якое сённяшні евангельскі ўрывак указвае з дакладнасцю: "Не можаце служыць Богу і мамоне" (Мц 6, 24): або Пану, або прывабным, але падманлівым ідалам. Гэты выбар, які мы пакліканы зрабіць, затым адлюструецца ў многіх нашых учынках, планах і дзеяннях. Гэта выбар, які павінен быць зроблены ў яснай форме і абнаўляцца пастаянна, бо спакусы звядзення ўсяго да грошай, задавальненняў і ўлады – настойлівыя. Такіх спакус шмат.

У той час калі ўшанаванне гэтых ідалаў вядзе да бачных вынікаў, нават калі   мімалётных, выбар на карысць Бога і Ягонага Валадарства не заўсёды адразу ж дэманструе свае плёны. Гэта рашэнне, якое прымаецца ў надзеі і дазваляе Богу поўную рэалізацыю. Хрысціянская надзея скіравана на будучае спаўненне Божага абяцання і не спыняецца перад абліччам ніякіх цяжкасцяў, бо заснавана на вернасці Бога, які ніколі не падвядзе. Ён верны, Ён верны Айцец, Ён верны сябар, верны саюзнік!

Няхай Панна Марыя дапаможа нам давяраць любові і дабрыні Нябеснага Айца, жыць у Ім і з Ім. Гэта перадумова для пераадолення цяжкасцяў і нягодаў жыцця, а таксама пераследаў, як паказвае нам сведчанне нашых шматлікіх братоў і сясцёр".

Пасля марыйнай малітвы папа Францішак прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы пілігрымаў і ўдзяліў ім сваё благаслаўленне.








All the contents on this site are copyrighted ©.