2017-02-25 12:11:00

Святы Айцец: важна пашыраць “культуру міласэрнасці”


Салідарнасць патрабуе новага мыслення катэгорыямі супольнасці, прыярытэту жыцця ўсіх перад прысваеннем дабротаў некаторымі, нагадаў папа Францішак 25 лютага 2017 г. падчас сустрэчы з членамі “Каталіцкай дэлегацыі па супрацоўніцтве” (Délégation Catholique pour la Coopération) – міжнароднай дабрачыннай арганізацыі французскага епіскапата.

Святы Айцец нагадаў сваім гасцям пра важнасць пашырэння “культуры міласэрнасці”, у якой “ніхто не глядзіць на іншага з абыякавасцю і не адварочвае позірку, калі бачыць пакуты братоў”.

“Не бойцеся прайсці шляхамі братэрства і будаваць масты паміж людзьмі і народамі ў свеце, дзе яшчэ ўзводзіцца шмат муроў з-за страху перад іншымі. Праз вашыя ініцыятывы, праекты і дзейнасць вы рэалізуеце “Касцёл бедны і для бедных”, “Касцёл, які выходзіць” і набліжаецца да людзей, што пакутуюць, знаходзяцца ў стане ўразлівасці, маргіналізацыі, адчужанасці”, - заўважыў Папа. 

Пантыфік заклікаў дабрачынцаў быць на службе Касцёлу, “які дазваляе кожнаму распазнаць ашаламляльную блізкасць Бога”, спрыяць дабру ўсіх і “абароне нашага супольнага дома”.

“Каталіцкая дэлегацыя па супрацоўніцтве” была заснавана ў 1967 г. па ініцыятыве Канферэнцыі Біскупаў Францыі. Яе прадстаўнікі дзейнічаюць у 50 краінах свету. 








All the contents on this site are copyrighted ©.