2017-02-25 11:26:00

Беларусь: ці прыйдзе Касцёл у дзяржаўную сферу адукацыі?


У Беларусі завяршаецца грамадскае абмеркаванне новага Кодэкса аб адукацыі. Аб узаемадзеянні з рэлігійнымі арганізацыямі гаворыцца ў Артыкуле 2 “Асновы дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі” новага Кодэкса. У прыватнасці адзначаецца: “Установы адукацыі ў пытаннях выхавання на падставе пісьмовых заяў навучэнцаў, законных прадстаўнікоў непаўналетніх навучэнцаў у пазавучэбны час могуць узаемадзейнічаць з зарэгістраванымі рэлігійнымі арганізацыямі з улікам іх уплыву на фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа. Парадак, умовы, змест і формы такога ўзаемадзеяння вызначаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь”.

Як паведаміў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё рэлігіязнаўца, кандыдат філасофскіх навук, выкладчык Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Скарыны Віктар Адзіночанка, гэты пункт Кодэкса застаўся без зменаў і ўзяты з дзеючага Кодэкса аб адукацыі. На яго думку, закон не будзе прадугледжваць іншыя змены, бо дазваляе дзяржаве дыктаваць свае ўмовы. Рэлігіязнаўца нагадаў, што ў 2003 г. было заключана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Праваслаўнай Царквой, і на падставе гэтага пагаднення былі падпісаны яшчэ шэраг пагадненняў з рознымі міністэрствамі, у тым ліку з Міністэрствам адукацыі. “Гэта значыць, што навучальныя ўстановы могуць запрашаць праваслаўных святароў, праводзіць факультатывы. Але шмат у чым, на мой погляд, гэта мае імітацыйны характар. Напрыклад, у нашым універсітэце нават ёсць кафедра гісторыі хрысціянскай культуры, але як яна прысутнічае ў вучэбным працэсе, як яна на яго ўплывае, я сказаць не магу. Што тычыцца Касцёла, то размовы аб пагадненні з дзяржавай вядуцца вельмі даўно. Наколькі трэба такое пагадненне заключаць – адказ на гэта пытанне павінна даць, перш за ўсё, кіраўніцтва Касцёла. Але думаю, што ў дадзеных умовах яно не можа быць заключана, бо Касцёл не залежны ад дзяржаўнага апарату, як часта адбываецца ў выпадку з Праваслаўнай Царквой. Апроч таго, узнікае пытанне, наколькі гэта эфектыўна для выхавання моладзі. Бо калі чалавек робіць намаганні, каб прыйсці ў касцёл, - гэта адна справа. А калі да яго прыходзяць у школу ці універсітэт – гэта не яго выбар”, - выказаў сваё меркаванне эксперт.

Рэлігіязнаўца дадаў, што абмяркоўваў гэту тэму са святарамі з Польшчы, дзе Касцёл прысутнічае ў навучальных установах. Паводле іх, лепш праводзіць навучанне рэлігіі пры каталіцкіх храмах, бо такая дзейнасць у свецкіх установах не заўсёды дае добры плён.

Выкладчык гімназіі №36 імя Мележа ў Гомелі Вольга Яўсеенка наадварот лічыць, што прысутнасць катэхезацыі ў школе адыграла б вялікую ролю, нават без нейкай канфесійнай арыентацыі. “Божыя запаведзі ніхто не адмяняў, і вельмі важна дзяцей звяртаць да іх. У школах ёсць праваслаўныя факультатывы, але ў іх праграме няма роздуму, спасылкі на сучаснае жыццё дзяцей, іх праблемы. Таму вельмі важна, каб прадуманая катэхізацыя абавязкова была ў школе”, - упэўнена настаўніца. Яна адзначае, што многія школьнікі нават не ўяўляюць, што такое каталіцкая або праваслаўная канфесіі: “Са свайго досведу ведаю, што часта дзеці не разбіраюцца ні ў праваслаўі, ні ў каталіцызме, ні ўвогуле ў тым, на чым стаіць хрысціянская вера, на якіх каштоўнасцях”, - дадае настаўніца.
Таму яна выступае за супрацоўніцтва ў сферы адукацыі як з Праваслаўнай Царквой, так і з Каталіцкім Касцёлам, і заклікае да прывязкі факультатываў, сустрэч са святарамі як да разумення базавых каштоўнасцяў хрысціянства, так і да жыцця сучаснай моладзі.

Праект новага Кодэкса аб адукацыі падрыхтаваны па выніках маніторынгу практыкі прымянення папярэдняга закона, азнаёміцца з ім можна на сайце Міністэрства адукацыі і да 1 сакавіка 2017 г. даслаць свае заўвагі і прапановы на электронны адрас: presstsentr@mail.ru. 

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.








All the contents on this site are copyrighted ©.