2017-02-24 14:38:00

Папскія дабрачынцы разважалі аб праблемах моладзі


Пад знакам салідарнасці з моладзю прайшла штогадовая асамблея “Кола св. Пятра” – арганізацыі, якая ад імя Пантыфіка займаецца дабрачыннай дзейнасцю на тэрыторыі Рымскай дыяцэзіі. Пасяджэнне адбылося 22 лютага, у свята катэдры св. Пятра. Яго ўзначаліў кардынал Даменіка Кальканьё, старшыня Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы.

Падчас сустрэчы ўзгадвалася, што наступны Сінод Біскупаў папа Францішак пажадаў прысвяціць менавіта “маладым сэрцам”, “натуральным чынам схільным адмаўляць культуру адчужэння і змагацца з абыякавасцю”. Падкрэслівалася, што першапачаткова “Кола св. Пятра” называлася “Таварыствам каталіцкай італьянскай моладзі” і што сёння моладзь паклікана даваць “рашучае, сапраўднае сведчанне, быць пераканаўчай кропкай апоры ў свеце, у якім усе каштоўнасці сталі адноснымі”.

“Кола св. Пятра” было заснавана ў Рыме ў 1869 г. па ініцыятыве групы маладых людзей з мясцовых заможных сем’яў. Праз каталіцкую прэсу, збор подпісаў і ініцыятывы салідарнасці яны выступалі ў абарону Святога Айца перад абліччам нападак. Затым Пій IX даверыў ім асаблівае заданне – клапаціцца пра рымскіх беднякоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.