2017-02-24 12:45:00

Пантыфік: справядлівасць у Бога – гэта міласэрнасць


Справядлівасць у Бога – гэта міласэрнасць, а міласэрнасць – гэта справядлівасць, падкрэсліў Францішак 24 лютага 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. У гаміліі Папа спаслаўся на евангельскае літургічнае чытанне (Мк 10,1-12), у якім Езус адказвае на пытанне фарысеяў: “Ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю?”. Фарысеі жадалі “выпрабаваць” Хрыста, а Яго адказ дапамагае зразумець, што самае важнае ў веры, лічыць Папа. 

Хрыстус не адказаў “дазволена” ці “не дазволена”. “Ён не ўваходзіць у іх казуістычную логіку. Яны думалі пра веру толькі катэгорыямі “можна” ці “нельга”, да якой ступені можна і да якой ступені нельга – у катэгорыях казуістычнай логікі. Езус у яе не ўваходзіць і задае пытанне: “Што наказаў вам Майсей?”, “Што напісана ў вашым законе?”. Яны патлумачылі дазвол, які даў Майсей, каб аддаліць жонку, і самі трапілі ў пастку, бо Езус іх акрэсліў як “жосткіх сэрцам”: “Дзеля жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэтую запаведзь”, і сказаў праўду. Без казуістыкі, без дазволаў, кажа праўду”, - падкрэсліў Папа.

Францішак адзначыў, што Езус заўсёды кажа праўду, тлумачыць праўду Святога Пісання, праўду закона Майсея. Хрыстус не звяртаўся да казуістыкі, але вёў да праўды, а таксама да міласэрнасці, як у выпадку з распусніцай, з якой размаўляў і піў з аднаго кубка. Тых, хто жадаў Яго "выпрабаваць", хто думаў згодна з логікай “дазволена” ці “не дазволена”, Ён называў крывадушнікамі, нагадаў Пантыфік. На хрысціянскім шляху праўду павінна суправаджаць міласэрнасць, лічыць ён.

“Калі спакуса дакранаецца нашага сэрца, гэты шлях выйсця з казуістыкі да праўды і міласэрнасці не з’яўляецца лёгкім: трэба, каб Божая ласка дапамагла нам ісці ў гэтым напрамку. Мы павінны прасіць аб ёй заўсёды: “Пане, зрабі, каб я быў справядлівым, але і міласэрным”. Не справядлівым, схаваным у казуістыцы. Справядлівым у міласэрнасці, як Ты”, - заклікаў вернікаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што чалавек з казуістычнай ментальнасцю можа спытацца: “Што важней у Богу: справядлівасць ці міласэрнасць”. “Што важней? Гэта не дзве рэчы, а адна. У Бога, справядлівасць – гэта міласэрнасць, а міласэрнасць – гэта справядлівасць. Няхай Пан дапаможа нам зразумець гэты шлях, які з’яўляецца нялёгкім, але які зробіць шчаслівымі і нас і мноства людзей”, - сказаў на заканчэнне сваёй гаміліі Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.