2017-02-22 11:11:00

Святы Пасад у ААН пра канфлікты на тэрыторыі Еўропы


 

Апостальская Сталіца на форум ААН пацвердзіла сваю блізкасць і салідарнасці з усімі народамі, якія пакутуюць ад канфліктаў і агрэсіі любога роду, у тым ліку так званых гібрыдных войнаў і замарожаных сітуацый. Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса выступіў 21 лютага 2017 г. у Нью-Ёрку падчас адкрытых дэбатаў па падтрыманню міжнароднага міру і бяспекі ў кантэксце канфліктаў на тэрыторыі Еўропы.

Пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый падкрэсліў, што матывам любой ініцыятывы ў справе падтрымання міжнароднага міру і бяспекі абавязкова павінны быць гуманітарныя меркаванні, а менавіта: “захаванне чалавечага жыцця, забеспячэнне адпаведных умоў жыцця і палягчэнне пакут”. У той жа час, ватыканскі дыпламат нагадаў пра абавязак дзяржаў “устрымлівацца ад дзеянняў, якія дэстабілізуюць суседнія краіны”, і “працаваць разам, каб стварыць неабходныя ўмовы для міру і паяднання”.

“Што тычыцца канфлікту ва Украіне, які па-ранейшаму выклікае сур’ёзную заклапочанасць, паколькі быў развязаны ў 2014 г., Апостальская Сталіца чарговы раз падкрэслівае, што павінны быць прыняты ўсе неабходныя меры для забеспячэння выканання рэжыму спынення агню і ажыццяўлення ўзгодненых мер. Гэтыя намаганні павінны суправаджацца шчырай прыхільнасцю ўсіх зацікаўленых бакоў пры выкананні ўсіх асноўных правоў чалавека і аднаўленні стабільнасці на нацыянальным і міжнародным узроўнях, не ў апошнюю чаргу шляхам захавання міжнароднай законнасці ў дачыненні да тэрыторыі і межаў Украіны”, - заявіў афіцыйны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы.

“Прапаноўваючы прамую гуманітарную дапамогу насельніцтву пацярпелых раёнаў, Апостальская Сталіца падкрэслівае неабходнасць абароны грамадзянскага насельніцтва і тэрміновасць усіх магчымых намаганняў, каб пазбегнуць працягу гэтага недазволенага канфлікту і знайсці палітычнае рашэнне шляхам дыялогу і перамоў”, - дадаў арцыбіскуп Ауса.

“Святы Пасад працягвае вітаць намаганні ААН, АБСЕ і іншых арганізацый у мэтах садзейнічання ўстанаўленню міру ва ўсёй Еўропе, у тым ліку і ва Украіне”, - завяршыў сваё выступленне пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.








All the contents on this site are copyrighted ©.