2017-02-22 15:40:00

Пантыфік спачувае ў сувязі са смерцю ірландскага кардынала


Папа выказаў свае спачуванні ў сувязі са смерцю арцыбіскупа Дублінскага на пенсіі, кардынала Дэсманда Конэла. Іерарх памёр 21 лютага 2017 г. ва ўзросце 90 гадоў.

У лісце на імя цяперашняга пастыра архідыяцэзіі, арцыбіскупа Дзіармуіда Марціна Пантыфік напісаў: “Я быў глыбока засмучаны, даведаўшыся пра смерць кардынала Дэсманда Конэла. Выказваю свае шчырыя спачуванні Вам і духавенству, кансэкраваным асобам і свецкім вернікам архідыяцэзіі. Успамінаючы з удзячнасцю кардынала Конэла ў час яго святарскага і біскупскага служэння ў Дублінскай архідыяцэзіі і яго вялікі ўклад для Касцёла ў Ірландыі, асабліва ў галіне філасофскіх даследаванняў, я далучаюся да вас у малітве, давяраючы яго душу міласэрнай любові Усемагутнага Бога”, - напісаў Францішак.

Ян Павел II прызначыў іерарха арцыбіскупам Дубліна 21 студзеня 1988 г. Неўзабаве ён стаў віцэ-старшынёй ірландскай біскупскай канферэнцыі. На кансысторыі 21 лютага 2001 г. Папа ўзвёў яго ў кардынальскую годнасць. 26 красавіка 2004 г. ва ўзросце 78 гадоў кардынал Конэл сышоў у адстаўку з пасады арцыбіскупа Дубліна. У 2005 г. удзельнічаў у канклаве, на якім быў абраны Бэнэдыкт XVI.

Пасля смерці іерарха Калегія кардыналаў складаецца з 225 іерархаў, з якіх 118 валодаюць правам голасу на магчымым канклаве.








All the contents on this site are copyrighted ©.