2017-02-20 12:30:00

Пантыфік у рымскай парафіі: малітва за ворагаў перамагае зло


Любіць сваіх ворагаў і маліцца за тых, хто зрабіў нам шкоду – гэта тое, што павінен рабіць хрысціянін, звярнуў увагу Папа падчас св. Імшы ў рымскай парафіі Санта-Марыя-Джозэфа-дэль-Куорэ-дзі-Джэзу, якую наведаў 19 лютага 2017 г.

Францішак засяродзіў сваю гамілію на словах з Евангелля паводле Мацвея (Мц 5, 48): “Будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны” і нагадаў пра пакліканне кожнага верніка, быць святым. Тым, што найбольш перашкаджае на шляху да святасці, з’яўляецца жаданне помсты. Хрысціянскі адказ – гэта малітва за ворагаў. У хрысціянскім жыцці няма месца для адплаты. “Зло перамагаецца дабром. Грэх перамагаецца вялікадушнасцю – і ў гэтым сіла. Узрошчванне крыўдаў – гэта страшная рэч”, - падкрэсліў Пантыфік.

“Але калі ён кажа супраць мяне, калі зрабіў мне вялікую шкоду?” – прабач яму ў сэрцы сваім. Гэта шлях святасці, які адводзіць ад вайны. Калі б усе мужчыны і жанчыны навучыліся гэтаму, не было б ніякіх войнаў. Менавіта тут пачынаецца вайна: з горычы, крыўды, жадання помсты, са слоў: “ты заплаціш мне за гэта”. Гэта нішчыць сем’і, сяброўства, добрасуседскія адносіны”, - звярнуў увагу Святы Айцец.

Ён прапанаваў пачаць з невялікіх рэчаў, з малітвы да Бога за тых, хто аб нас пляткарыць або гаворыць аб нас з нянавісцю: “Той ці іншы, якія так кажуць, гэта Твае дзеці: ператвары іх сэрца, благаславі яго, благаславі яе”. 

“Малітва з’яўляецца проціяддзем ад нянавісці, вайны... ад войнаў, якія пачынаецца ў нас дома, у суседскім асяроддзі, у сем’ях. Падумайце пра войны, якія вядуцца ў сям’ях за спадчыну. Колькі сем’яў было знішчана, жывуць ва ўзаемнай нянавісці з-за спадчыны. Нам трэба маліцца, каб наступіў мір. І калі ведаю, што нехта нядобразычлівы да мяне, за яго трэба маліцца асаблівым чынам. Малітва мае моц, пераадольвае зло, малітва прыносіць мір”, - сказаў Папа.

Ён горача папрасіў вернікаў прыктыкаваць такі падыход, бо толькі так можна пераадолець зло і заставацца на шляху да святасці і дасканаласці.

Перад св. Імшой Францішак сустрэўся з дзецьмі і моладдзю, хворымі і іх сем’ямі, у тым ліку маці, якія нядаўна нарадзілі сваіх дзяцей, а таксама з беднымі. Ён паспавядаў некалькі чалавек. 

На тэрыторыі парафіі Санта-Марыя-Джозэфа-дэль-Куорэ-дзі-Джэзу, якая налічвае каля 20 тыс. жыхароў і знаходзіцца на ўсходняй ускраіне Рыма, жывуць у асноўным маладыя сем’і, большасць з якіх рабочыя і служачыя, некаторыя з іх з цяжкім мінулым. Многія з’яўляюцца беспрацоўнымі.








All the contents on this site are copyrighted ©.