2017-02-19 13:11:00

Францішак занепакоены сітуацыяй у Конга, Пакістане і Іраку


Пантыфік выказаў сваё хваляванне напружанай сітуацыяй у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, адкуль “працягваюць паступаць паведамленні аб гвалтоўных і жорсткіх сутыкненнях”. 

“Я адчуваю моцны боль з-за існавання ахвяраў, асабліва многіх дзяцей, адарваныя ад сваіх сем’яў і школы, якіх выкарыстоўваюць у якасці салдат. Гэта трагедыя – дзеці-салдаты. Я запэўніваю вас у маёй блізкасці і маёй малітве, таксама і за рэлігійны і гуманітарны персанал, які працуе ў гэтым складаным рэгіёне. Аднаўляю тэрміновы заклік да сумлення і адказнасці нацыянальных уладаў і міжнароднай супольнасці, прыняць належныя і своечасовыя рашэнні для дапамогі гэтым братам і сёстрам”, - сказаў Францішак 19 лютага 2017 г. падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”.

Папа запэўніў: “Мы молімся за іх і за ўсе народы ў іншых частках афрыканскага кантынента і свету, што пакутуюць ад насілля і вайны. Я думаю, у прыватнасці, пра дарагія народы Пакістана і Ірака, пацярпелыя ад жорсткіх тэрарыстычных актаў у апошнія дні. Мы молімся за загінулых, параненых і іх сем’і. Будзем шчыра маліцца, каб кожнае сэрца, загартаванае нянавісцю, навярнулася да міру, паводле Божай волі”.

Больш за сто чалавек, у тым ліку 39 жанчын, загінулі ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга ў перыяд з 9 па 13 лютага 2017 г. у выніку баёў паміж урадавымі войскамі і баевікамі ваенізаванай групоўкі “Kamwina Nsapu”. Па некаторых дадзеных, салдаты стралялі “без разбору”, што і стала прычынай гібелі мірных жыхароў. ААН паабяцала правесці поўнамаштабнае незалежнае расследаванне інцыдэнту і заклікала ваеннаслужачых да стрыманасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.