2017-02-18 12:56:00

Пантыфік наведае англіканскую царкву ў Рыме


У Ватыкане 18 лютага 2017 г. пацвердзілі візіт папы Францішка ў рымскую англіканскую царкву. Кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду Грэг Бёрк паведаміў у кароткай заяве, што Святы Айцец наведае “All Saints Church” у нядзелю, 26 лютага 2017 г. у 16.00. Дакладная праграма не паведамляецца.

Візіт будзе прымеркаваны да 50-й гадавіны стварэння ў Рыме Англіканскага цэнтра, што адбылося неўзабаве пасля першага афіцыйнага візіту Архіепіскапа Кентэрберыйскага да Папы. Павел VI і Майкл Рамсэй сустрэліся ў Ватыкане 23 сакавіка 1966 г.

Хоць за амаль шэсць гадоў да гэтага, 2 снежня 1960 г., за два гады да Другога Ватыканскага Сабора, Ян XXIII прымаў іншага прадстаяцеля Англіканскай Царквы, архіепіскапа Джэфры Фрэнсіса Фішэра. Гэты візіт, аднак, быў строга прыватны. З тых часоў, усе Архіепіскапы Кентэрберыйскія наведвалі Пантыфікаў. Сустрэчы адбываліся таксама заўсёды падчас Апостальскіх падарожжаў у Вялікабрытанію.

Нядаўна, у кастрычніку 2016 г. Францішак далучыўся да супольных каталіцка-англіканскіх Нешпараў у рымскім касцёле св. Грыгорыя. Ён нагадаў у той час каталіцкім і англіканскім біскупам пра місію пастыра, якая палягае не на закрытасці ў вузкіх колах і асабістым “мікраклімаце”, а на выхадзе са сваімі абмежаваннямі для абвяшчэння Евангелля радасці. “Няхай Пан дасць нам, каб тут нарадзіўся новы імпульс зносін і місіі”, - пажадаў ён.

Англіканская царква Усіх Святых (All Saints Church) знаходзіцца ў цэнтры Рыма, на Віа-дэль-Бабуіно, недалёка ад Іспанскай плошчы. Яна была пабудавана ў 1882 г. у неагатычным стылі з неараманскімі элементамі паводле праекту англійскага архітэктара Джорджа Эдманда Стрыта, вядомага ў якасці стваральніка Каралеўскага суда ў Лондане.








All the contents on this site are copyrighted ©.