2017-02-10 16:11:00

Папа: хворыя асобы – каштоўная частка Касцёла


Вестуны жыцця і палкія саўдзельнікі любові Бога-Творцы, якія штодня дакранаюцца да цялесных пакутаў Хрыста і ў гэтай місіі знаходзяць вялікі гонар і вялікую адказнасць – так ахарактарызаваў Святы Айцец работнікаў медыцынскай сферы, вітаючы 10 лютага 2017 г. удзельнікаў форума, арганізаванага камісіяй італьянскага епіскапату, якая займаецца душпастырствам работнікаў сферы аховы здароўя.

“Навуковыя даследаванні ідуць наперад, і мы ўдзячныя за каштоўныя вынікі, дасягнутыя ў лячэнні і выкараненні, асобных паталогій”, - канстатаваў папа Францішак. Такія ж намаганні, прызнаў ён, робяцца і ў барацьбе з рэдкімі ці малавядомымі хваробамі. Святы Айцец падзякаваў Богу за шматлікіх работнікаў медыцынскай сферы, а таксама валанцёраў, “якія мужна і кампетэнтна працуюць, каб палегчыць і зрабіць больш гуманнымі доўгія і цяжкія дні многіх хворых і сталых самотных асоб, асабліва бедных і патрабуючых”.

Аднак побач са святлом ёсць і цені, выказаў занепакоенасць Пантыфік. Па яго словах, “калі і ёсць сфера, у якой культура адчужэння робіць відавочнымі свае балючыя наступствы, дык гэта менавіта медыцына”. Папа нагадаў, што на першым месцы павінна заставацца чалавечая годнасць. Недапушчальна, каб толькі грошы вызначалі дзяржаўную палітыку ў пытаннях аховы здароўя.

“Гісторыя Каталіцкага Касцёла ў Італіі ведае шмат “прытулкаў Добрага самараніна”, дзе пакутуючыя асобы атрымалі алей суцяшэння і віно надзеі”, - сказаў Пантыфік. Ён запрасіў перагледзець дабрачынную дзейнасць з тым, каб рабіць адчувальнай Божую міласэрнасць для бедных, “якія  з даверам і надзеяй грукаюць у дзверы медыцынскіх устаноў”.

“Шмат хворых знаходзіцца ў шпіталях, але яшчэ больш застаюцца пакінутымі ў дамах”, - нагадаў Францішак. Ён звярнуўся з заклікам, у першую чаргу, да каталіцкіх парафій і дыяцэзій, наведваць такіх асоб, каб яны маглі адчуваць прысутнасць Хрыста, “бо найгоршай дыскрымінацыяй, з-за якой пакутуюць бедныя, - а хворыя з'яўляюцца беднымі на здароўе, - з’яўляецца недахоп духоўнай увагі”.

“Хворыя асобы з’яўляюцца каштоўнымі членамі Каталіцкага Касцёла”, - заключыў Папа і пажадаў, каб праз заступніцтва Марыі “яны маглі станавіцца моцнымі ў сваёй слабасці”.

Форум, які сабраў разам шматлікіх біскупаў, святараоў і работнікаў італьянскіх дыяцэзіяльных структур, праводзіцца з нагоды 25-годдзя Сусветнага дня хворых і 20-годдзя існавання італьянскай Нацыянальнай службы душпастырства ў сферы аховы здароўя.








All the contents on this site are copyrighted ©.