2017-02-06 16:21:00

Новыя серыі ватыканскіх еўра за 2017 год


Ватыканскі філатэлістычна-нумізматычны аддзел паведаміў аб выпуску новых нумізматычных серый. Першая з іх – уключае набор з 8 разменных манет – ад 2 еўра да 1 еўра-цэнта – рэверс якіх аформлены ў стылістыцы, аднолькавай для ўсіх краін еўра-зоны, са змешчаным наміналам. На аверсе ватыканскіх еўра ўпершыню няма выявы Пантыфіка, тут знаходзіцца герб папы Францішка, надпіс “Città del Vaticano”, дванаццаць зорак і год выпуску – 2017. Тыраж серыі, якая з’явіцца 2 сакавіка 2017 г. – 70 тыс. штук. Скульптар манет: Даніэла Лонга.

У Ватыкане 2 сакавіка 2017 г. з’явіцца таксама нумізматычная серыя ў версіі “PROOF”, якая будзе складацца з 8 манет – ад 2 еўра да 1 еўра-цэнта – з рэверсам у адзінай для еўрапейскай валюты стылістыцы і аверсам з папскім гербам, надпісам “Città del Vaticano”, дванаццацю зоркамі і годам выпуску – 2017. Прычым, серыя выйдзе ў двух версіях: у першую ўвойдзе срэбная манета наміналам у 20 еўра з выявай арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, змешчанай над выявай Дзіцятка Езуса, а ў другую – залатая манета наміналам у 50 еўра з выявай Маці Божай з касцёла св. Пятра ў Аўгсбургу. Гэта ікона ў свой час зрабіла моцнае ўражанне на папу Францішку, які ініцыяваў стварэнне некалькіх яе рэпрадукцый у Аргентыне. Тыраж “срэбнай” серыі склаў 8,5 тыс. штук, “залатой” – 1,5 тыс. Скульптарам манет выступіла ўсё тая ж Даніэла Лонга.

Апрача таго Ватыканскі філатэлістычна-нумізматычны аддзел будзе распаўсюджваць філатэлістычную паштоўку (coin card n.8) з выявай папы Францішка i змешчанай у ёй манетай наміналам 50 еўра-цэнтаў выпуску 2017 г. Тыраж складзе 60 тыс. штук.

Усе манеты былі выкананы Дзяржаўным манетным дваром і паліграфічным інстытутам Італіі (IPZS).








All the contents on this site are copyrighted ©.