2017-02-04 13:10:00

Папа да бізнесменаў: культ грошай – “сурагат жыцця вечнага”


“Прадпрымальнік, які ўвасабляе сабой Добрага самараніна, выконвае палову сваёй місіі: клапоціцца пра сённяшніх ахвяр, аднак не змяншае колькасці тых, якія будуць заўтра”, - сказаў Папа падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў праекту “Эканоміка адзінства”, ініцыяванага 25 гадоў назад членамі руху Факаляраў. Сустрэча адбылася 4 лютага 2017 г. у Ватыкане.

“Эканоміка еднасці – гэта, у тым ліку, і еднасць прыбытку, праява жыццёвай еднасці”, - адзначыў Святы Айцец. “Грошы маюць важнасць, асабліва калі іх няма, а ад іх залежыць харчаванне, школа, будучыня дзяцей. Аднак яны становяцца ідалам, калі ператвараюцца ў канчатковую мэту”, - сказаў ён. Францішак перасцярог, што “сквапнасць, якая невыпадкова з’яўляецца смяротнай заганай, – гэта грэх ідалапаклонства, бо накапленне грошай для сябе становіцца мэтай уласнай дзейнасці”. Гэты культ ён назваў “сурагатам жыцця вечнага”. На думку Папы, найлепшы спосаб пазбегнуць панавання грошай – падзяліцца імі з іншымі. Таму, упэўнены ён, выбар Факаляраў “рабіць прыбытак агульным”, мае вялікую этычную і духоўную каштоўнасць.

Вынікам капіталізму з’яўляюцца адчужаныя асобы, пра якіх неабходна клапаціцца нам, лічыць Святы Айцец. Па яго словах, вялікую занепакоенасць выклікае няздольнасць сучаснага грамадства бачыць побач з сабой бедных, “якіх спачатку адкідаюць, а потым хаваюць”. Менавіта таму “наследаваць евангельскага Добрага самараніна недастаткова”. 

“Эканоміка еднасці” павінна не толькі клапаціцца пра ахвяр гэтай сістэмы, але і змагацца з самімі структурамі граху, імкнучыся не дапусціць новых, падурэсліў Святы Айцец. Ён адзначыў, што за 25 гадоў свайго існавання Праект засведчыў, што прадпрымальніцтва можа знаходзіцца на службе бліжняму. Эканоміка адзінства будзе мець будучыню, калі вы падорыце яе ўсім, перш за ўсё, бедным і моладзі, сказаў Францішак.

Папа заклікаў прадпрымальнікаў вучыцца аддаваць не толькі свій прыбытак, але і саміх сябе. “Сучасная эканоміка патрабуе вашай душы, узаемнага і пакорлівага братэрства, вашага жадання жыць, і толькі потым – вашых грошай”, - сказаў ён. “Не” эканоміцы, якая забівае, ператвараецца ў “так” эканоміцы, якая дае жыццё, таму што дзеліцца, прымае пад увагу бедных і выкарыстоўвае прыбытак, каб ствараць адзінства, заключыў Францішак. 








All the contents on this site are copyrighted ©.