2017-02-04 12:44:00

З’явілася кніга пра “Vatileaks 2”


Былы кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду, кс. Фэдэрыка Ламбардзі падвёў вынікі сумнага крымінальнага працэсу, які атрымаў нефармальную назву “Vatileaks 2”. “Ватыкан перад чалавечым судом”, - так гучыць назва яго кнігі, у якой дакладна апісваецца і тлумачыцца працэс, галоўнымі дзеючымі асобамі якога сталі ватыканскія супрацоўнікі, абвінавачаныя ў распаўсюджванні канфідэнцыйных дакументаў Апостальскай Сталіцы, і італьянскія журналісты, абвінавачаныя ў аказанні ціску ў мэтах атрымання інфармацыі і дакументаў канфідэнцыйнага характару. Сааўтарам кнігі стаў Масіміліяна Манікэці, які ў якасці журналіста Ватыканскага радыё прымаў удзел ва ўсіх судовых пасяджэннях.

Кс. Ламбардзі адзначыў, што ў гэтага працэсу было шмат праціўнікаў у Ватыкане. На яго думку, аднак, ён меў вялікае значэнне, паколькі прадэманстраваў, што праўда важнейшая за захаванне добрага іміджу.

“На нашу думку, варта паказаць і растлумачыць, што ў ходзе працэсу існавала імкненне ўстанавіць праўду, нават калі гэта было зроблена з вялікай пакорай, таму што чалавечае меркаванне можа быць абмежавана наяўнай дакументацыяй і выкарыстанымі аргументамі. Тым не менш, гэта павінна быць зроблена, дэманструючы, што ўсё робіцца з поўнай аддачай. Гэта сведчыць аб тым напрамку, у якім Касцёл рухаецца сёння. Мы таксама хацелі паказаць, што ў апошнія гады ў Ватыкане назіраецца развіццё заканадаўства, якое павінна служыць большай празрыстасці і правільнай адміністрацыі, і што таксама былі ўжытыя адпаведныя меры для забеспячэння таго, каб прававая сістэма пачала працаваць”, - пракаментаваў былы афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду.

У выніку працэсу, адзін з трох былых членаў ужо расфарміраванай Камісіі па вывучэнні рэформы эканамічна-адміністрацыйнай структуры Святога Пасаду, фігурантаў справы, – Нікола Маё – быў апраўданы. Іншыя два – кс. прэлат Лусіа Вальеха Бальда і Франчэска Шаўкі – прызнаны вінаватымі. Журналісты Джанлуіджы Нуцы і Эмільяна Фіціпальдзі вызвалены ад абвінавачванняў за адсутнасцю доказаў віны.








All the contents on this site are copyrighted ©.