2017-01-31 12:04:00

Святы Айцец патэлефанаваў да хворага кардынала


 

Францішак патэлефанаваў да арцыбіскупа Пражскага на пенсіі, кардынала Міласлава Влка, каб выказаць яму сваю падтрымку. Іерарх пакутуе ад раку.

Падчас размовы, якая працягвалася некалькі хвілін, Пантыфік размаўляў з кардыналам пра яго захворванне і лячэнне. Іерарх запэўніў Папу, што захоўвае добры настрой, і што ў гэтым яму дапамагае апека і клопат тых, хто знаходзіцца побач.

Паўтары тыдні таму Кардынал Влк на сваёй інтэрнэт-старонцы паведаміў, што пакутуе ад раку лёгкіх з метастазамі ў косці і чакае хіміятэрапіі. У цяперашні час ён знаходзіцца на плябаніі ў пражскім раёне Карлін, дзе пробашчам з’яўляецца яго блізкі паплечнік, што належыць, як і сам былы арцыбіскуп Пражскі, да Руху Факаляраў.

Міласлаў Влк прыняў святарскае пасвячэнне ў 1968 г.. Вёў душпастырскую працу і быў сакратаром біскупа Чэске-Будэёвіцэ. Неўзабаве стаў аб’ектам пераследу з боку камуністычнага рэжыму. Спачатку, у 1971 г., быў накіраваны на працу ў аддаленыя горныя парафіі, а ў 1978 г., пазбаўлены магчымасці займацца святарскім служэннем. У гэты перыяд ён скрытна прабываў у Празе, у прыватнасці, як ачышчальнік шкла і архівіст у банку.

Зноў вярнуцца да душпастырства ён змог у 1989 г. У 1990 г. быў прызначаны біскупам Чэске-Будэёвіцэ, а праз год – арцыбіскупам Прагі. У 1994 г. Ян Павел II узвёў іерарха ў кардынальскую годнасць.








All the contents on this site are copyrighted ©.