2017-01-31 11:21:00

Пантыфік заклікае да малітвы за мір


Да малітвы за мір заклікае папа Францішак у апошнія дні на сваім акаўнце ў сацсетцы “Twitter”. “Няма нічога немагчымага, калі мы звернемся да Бога ў малітве. Мы ўсе можам стаць міратворцамі”, - напісаў ён 30 студзеня 2017 г. 

Таксама 29 студзеня 2017 г., у Міжнародны дзень малітвы за мір у Святой Зямлі, Пантыфік звярнуўся: “Пане, Божа супакою, пачуй нашы малітвы і дай нам мір у Святой Зямлі. Шалом, салам, мір”. 

Сёлета ў гэтай ініцыятыве, распачатай у 2009 г. па ініцыятыве некалькіх каталіцкіх моладзевых арганізацый, прынялі ўдзел 10 тыс. гарадоў па ўсім свеце.

“Па-чалавечы кажучы, мы бачым дзейнасць супраць міру, якая паказвае, што прымірэнне з кожным днём становіцца ўсё цяжэйшым”, - сказаў дапаможны біскуп Лацінскага Патрыярхата Іерусаліма Уільям Шомалі ў каментары для Ватыканскага радыё. Ён прывёў прыклады: пашырэнне яўрэйскіх паселішчаў на палестынскіх тэрыторыях, адсутнасць прамых перамоваў, пастаянныя акты насілля.

У рамках Міжнароднага дня малітвы вуліцамі Рыма прайшоў “Караван міру”, з удзелам 3 тыс. членаў італьянскай “Azione Cattolica”. Сярод іх былі дзеці і маладыя людзі, разам са сваімі настаўнікамі. Яны завяршылі сваё шэсце на плошчы св. Пятра, дзе прынялі ўдзел у малітве “Анёл Панскі” са Святым Айцом. Прадстаўнік моладзі прачытаў з акна Апостальскага палацу спецыяльнае папскае пасланне за мір.








All the contents on this site are copyrighted ©.