2017-01-29 12:21:00

Ватыканскія дыпламаты з візітамі ў Афрыцы і Азіі


Два галоўных ватыканскіх дыпламаты, Дзяржсакратар Яго Святасці Папы і сакратар Святога Пасаду па адносінах з дзяржавамі адправіліся ў падарожжы па Афрыцы і Азіі.

Кардынал Пьетра Паралін пачаў свой візіт на Чорны кантынент, які працягнецца да 4 лютага 2017 г., з Мадагаскару. У гэтыя дні краіна адзначае 50-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін са Святым Пасадам. Мэта візіту кардынала Дзяржсакратара ў Рэспубліку Конга – падпісанне рамачнага пагаднення аб адносінах паміж Каталіцкім Касцёлам і дзяржавай. 11-дзённая паездка прадугледжвае таксама кароткія прыпынкі ў Найробі і Кеніі.

У сваю чаргу арцыбіскуп Пол Рычард Галахер знаходзіцца ў гэтыя дні ў Японіі. Яго 7-дзённы візіт, які працягнецца да 3 лютага, прадугледжвае сярод іншага наведанне Хірасімы. Перад сваім падарожжам сакратар Святога Пасаду па адносінах з дзяржавамі сказаў, што гэтае месца з’яўляецца “сімвалам вялікага канфлікту і без сумнення рэальнасцю, адносна якой усе мы, як чалавечыя істоты, павінны абсалютным чынам прыкласці намаганні, каб гэта больш не паўтарылася”.
 
Іерарх выказаў надзею на плённае супрацоўніцтва паміж Святым Пасадам і Краінай Узыходзячага Сонца, калі гаворка ідзе аб пашырэнні міру і раззбраенне ядзерных арсеналаў. Ужо ў сакавіку 2016 г., калі міністр замежных спраў Японіі Фуміа Кішыда быў з візітам у Ватыкане, арцыбіскуп Галахер гаварыў з ім пра ўзмацненне сумесных намаганняў у гэтай галіне.








All the contents on this site are copyrighted ©.