Рабіць усё магчымае, каб асобы, якія сталі ахвярамі праказы, маглі знайсці прытулак, салідарнасць і справядліваць у грамадстве, заклікаў старшыня Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека кардынал Пітэр Тарксан у адмысловым пасланні, прымеркаваным да Сусветнага дня барацьбы з праказай, які адзначаецца штогод 29 студзеня.
Праказай ужо ў 1985 г. хварэла больш за 5 млн чалавек у свеце. Сёння штогод налічваецца каля 200 тыс. новых выпадкаў. З гэтага вынікае, падкрэсліў ватыканскі іерарх, што дзяржаўным уладам, рэлігійным лідэрам і ўсім людзям добрай волі неабходна яшчэ шмат чаго зрабіць, каб забяспечыць ахвярам цяжкой хваробы годнае жыццё ў грамадстве.
Прынцыповую важнасць набываюць навуковыя даследаванні, накіраваныя на вынаходніцтва новых лекаў і распрацоўку эфектыўных дыягнастычных метадаў, якія б дазвалялі выяўляць хваробу на ранніх стадыях.
“Аднак лячэння недастаткова, - перасцярог іерарх. - Важна ў поўнай меры рэінтэграваць аздароўленую асобу ў першапачатковую сацыяльную сетку: у сям’ю, грамадсткую супольнасць, школу ці працоўны калектыў”. Прыкладам да наследавання павінна служыць гісторыя аб аздараўленні Езусам хворага на праказу, якую апавядае св. Марк. Пазбавіўшы хворага пакут, Езус адправіў яго да святара – таго, хто здолее забяспечыць яму паўнавартаснае вяртанне ў грамадства.
Страх праказы пануе над розумам, недастатковыя веды пра хваробу выклікаюць рэакцыю адчужэння з боку грамадства, а пакуты і дыскрымінацыя пазбаўляюць хворых пачуцця чалавечай годнасці, якая застаецца неад’емнай нават для асобы з фізічнымі недахопамі, нагадаў іерарх. Ён заклікаў працаваць на карысць пракажоных і разам з імі, каб яны маглі адчуць сардэчнасць і салідарнасць з боку грамадства.
All the contents on this site are copyrighted ©. |