2017-01-28 15:11:00

Папа пра вернасць пакліканню ў кансэкраваным жыцці


Да абнаўлення братэрскага жыцця ў супольнасці заклікаў папа Францішак удзельнікаў Пленарнага пасяджэння Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця, якое было прысвечана разважанням на тэму вернасці пакліканню. Пантыфік прыняў іх 28 студзеня 2017 г. у Ватыкане. 

“Сёння вернасць пастаўлена на выпрабаванне”, - канстатаваў Святы Айцец і акрэсліў асноўныя фактары, якія маюць уплыў на яе захаванне ў пакліканні ў “перыяд эпахальных змен”. Гэта, па-першае, наяўны сацыяльна-культуры кантэкст. “Мы жывём, пагружаныя ў так званую фрагментарную культуру, культуру часовага”, - выказаў занепакоенасць папа Францішак. Менавіта яна пашырае спажывецтва, перакрэслівае прыгажосць простага і руплівага жыцця, нярэдка выклікае вялікую пустэчу быцця. Па словах Святога Айца, мы жывём у грамадстве, дзе эканамічныя правілы пануюць над маральнымі, дзе “дыктатура грошай” вучыць адкідаць тых, хто не прыносіць прыбытку.

Другім фактарам з’яўляецца свет моладзі, у якім побач з цудоўнымі асобамі ёсць і ахвяры свецкасці, што кіруюцца “пошукам поспеху любым коштам, лёгкіх грошай і лёгкага задавальнення”. Неабходна “заражаць іх радасцю Евангелля і адчуваннем прыналежнасці да Хрыста”, - лічыць Папа.

Трэці фактар зыходзіць з самога кансэкраванага жыцця, у якім побач з сапраўднай святасцю існуюць “сітуацыі антысведчання”, якія перашкаджаюць захаванню вернасці пакліканню. Сярод іх – руціна, стомленасць, цяжар кіраўніцтва структурамі, унутраныя падзелы, пошук улады.

Папа заклікаў да абнаўлення братэрскага жыцця ў супольнасці праз супольную малітву, чытанне Божага слова, удзел у таямніцы Эўхарыстыі, праз шчыры дыялог і міласэрнасць у адносінах да братоў і сясцёр, якія чыняць грэх, праз размеркаванне адказнасці. “Усё гэта павінна суправаджацца красамоўным і радасным сведчаннем аб простым жыцці побач з беднымі і місіяй, якая аддае перавагу перыферыям жыцця”.

Нарэшце, Святы Айцец заклікаў забяспечваць духоўнае суправаджэнне паміж членамі рэлігійнай супольнасці, рыхтаваць кваліфікаваных асоб для гэтай “далікатнай і руплівай” місіі. “Складана заставацца вернымі, ідучы ў адзіноце або ў кампаніі братоў і сясцёр, няздольных уважліва і цярпліва слухаць або не маючых адпаведнага вопыту кансэкраванага жыцця”, - адзначыў Святы Айцец. У той жа час ён перасцярог, што “духоўнае суправаджэнне не павінна ствараць залежнасцей”.

З усяго гэтага, запэўніў Папа, і вынікае ўменне адрозніваць не проста дрэннае і добрае, але добрае і лепшае, добрае і тое, што вядзе да распазнання Хрыста і Божай волі.








All the contents on this site are copyrighted ©.