2017-01-27 16:21:00

Пантыфік адзначыў важнасць Дня памяці ахвяр Халакосту


Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю “Еўрапейскага яўрэйскага кангрэсу” – арганізацыі, якая прадстаўляе больш за два мільёны яўрэяў Еўропы. Сустрэча прайшла 27 студзеня 2017 г. з нагоды Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту. 

Дэлегацыя складалася з пяці чалавек, распавёў сакратар ватыканскай Камісіі па рэлігійных адносінах з юдаізмам, айцец Норберт Хофман. Ён заўважыў, што аўдыенцыя адбылася ў цёплай атмасферы спантаннага дыялогу.

Падчас яе Святы Айцец падкрэсліў, што Міжнародны дзень важны не толькі для яўрэяў, але і для ўсіх жыхароў планеты, у тым ліку і як перасцярога, каб падобныя трагедыі больш ніколі не паўтараліся.

Францішак падзяліўся сваімі ўспамінамі з дзяцінства і ўзгадаў, што ў яго бацька часта прымаў у доме прадстаўнікоў гэтага народу і выхоўваў сваіх дзяцей у прыязнай да яўрэяў атмасферы.








All the contents on this site are copyrighted ©.