2017-01-27 15:45:00

Дакумент пра адносіны паміж біскупамі і законнікамі зменяць


Біскупы і кансэкраваныя асобы “павінны практыкаваць містыку сустрэчы”, перакананы сакратар Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця. Арцыбіскуп Хасэ Радрыгес Карбальё выступіў падчас міжведамаснага пленарнага пасяджэння на тэму перагляду дакумента “Mutuae relationes”, прысвечанага адносінам паміж біскупамі і законнікамі ў Касцёле.

Нарада праходзіла 26 студзеня 2017 г. у Ватыкане. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі двух структур Апостальскай Сталіцы: Кангрэгацыі па справах Біскупаў і Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця.

Перагляд “Mutuae relationes” павінен грунтавацца на двух прынцыпах указаных папам Францішкам: “тэалогіі еднасці” і “ўзаемаважнасці” іерархічных і харызматычных дароў у Касцёле, перакананы арцыбіскуп Карбальё. Першы
з’яўляецца плёнам Другога Ватыканскага Сабора, а другі быў адлюстраваны ў нядаўнім дакуменце Кангрэгацыі Веравучэння “Iuvenescit Ecclesia”. Іерархія і харызматы, паколькі паходзяць ад аднаго Духа, які з’яўляецца “духам адзінства і міру, павінны разам уключацца ў кожны крок місіі Касцёла”, паважаючы разнастайнасць аблічча Касцёла, дадаў ён.

Паводле ватыканскага іерарха, каб пераадолець напружанасць паміж пастырамі і кансэкраванымі асобамі, трэба даць дакументу “трынітарную ўстаноўку”. Як Насвяцейшая Тройца, таксама і Касцёл з’яўляецца еднасцю, “ад якой і ў якой нараджаюцца адносіны, не толькі паміж біскупамі і законнікамі, але і паміж усёй касцёльнай супольнасцю, уключаючы ўсе тыя суб’екты, якія ў цяперашнім дакуменце “Mutuae relationes” не адлюстраваныя: законных братоў, законніц, свецкіх вернікаў, новыя формы”. Такім чынам ствараецца тая “духоўнасць камуніі, якая з’яўляецца адной з самых цудоўных і каштоўных форм спадчыны Другога Ватыканскага Сабора”, - лічыць арцыбіскуп.

Сакратар ватыканскай Кангрэгацыі прапанаваў уключыць тэалогію і гісторыю кансэкраванага жыцця ў навучальны працэс да прыняцця пасвячэння, каб будучыя пастыры “маглі належна ацаніць дар кансэкраванага жыцця, а самі кансэкраваныя асобы маглі лепш разумець значэнне сваёй прысутнасці пасярод Божага народа”. 








All the contents on this site are copyrighted ©.