2017-01-24 12:45:00

Створаны новы сайт Ватыканскіх музеяў


Шырокія магчымасці для азнаямлення з папскімі мастацкімі калекцыямі дае новы сайт Ватыканскіх музеяў. Ён быў прадстаўлены 23 студзеня 2017 г. у Зале Друку Апостальскай Сталіцы.

Цалкам абноўлены інтэрнэт-рэсурс www.museivaticani.va мае больш за 13 тыс. старонак з інфармацыяй на пяці мовах: італьянскай, англійскай, французскай, іспанскай і нямецкай. Тут размешчана больш за 3 тыс. фотаздымкаў і каля 60 відэазапісаў. На сайце ўтрымліваецца інфармацыя для наведвальнікаў музеяў, даецца магчымасць замовіць білеты on-line, а таксама зрабіць пакупкі ў сувенірнай інтэрнэт-краме. 

Важным элементам новага парталу з’яўляецца каталог з падрабязнай інфармацыяй аб музейных экспанатах. У папскай мастацкай калекцыі налічваецца каля 200 тыс. твораў. Каля 20 тыс. прадметаў выстаўлена ў экспазіцыі, з якіх каля 4 тыс. апісана на сайце. Размяшчэнне поўнай базы дадзеных будзе працягваецца: цягам году плануецца завяршыць размяшчэнне інфармацыі аб экспазіцыйных матэрыялах, а затым пачнецца праца над фондавымі, распавяла дырэктар Ватыканскіх музеяў Барбара Ята.

У стварэнні новага сайта прымалі ўдзел: Ватыканскія музеі, Губернатарат Дзяржавы Ватыкан, Сакратарыят па камунікацыі і міжнародная студыя дызайна “Inarea Strategic Design”. 

Ватыканскія музеі заснаваныя папам Юліем II ў пачатку XVI ст. У іх склад уваходзіць знакамітая Сікстынская капэла з роспісамі Мікеланджэла. На працягу года тут прымаюць каля 6 млн наведвальнікаў. Музеі ўваходзяць у дзесятку самых наведвальных у свеце і налічваюць 54 галерэі. 








All the contents on this site are copyrighted ©.