2017-01-19 11:35:00

Францішак: хрысціянскае жыццё – гэта барацьба


Каб развівацца ў хрысціянскім жыцці трэба весці штодзённую барацьбу, заўважыў папа Францішак 19 студзеня 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. Пантыфік заклікаў вернікаў быць уважлівымі да спакусаў, якія зводзяць з правільнага шляху і здольнымі распазнаваць, што адбываецца ў сэрцы.

Спасылаючыся на літургічны евангельскі ўрывак (Мк 3,7-12) Папа заўважыў, што за Езусам хадзілі вялікія натоўпы людзей. Адныя прагнулі аздараўлення, іншым падабалася слухаць Хрыста, бо Ён “прамаўляў не як настаўнікі закону, але маючы ўладу” і “гэта кранала сэрца”. Гэтыя натоўпы ўзнікалі спантанна: людзей “не прывозілі на аўтобусах, як часам робяць, пры арганізацыі маніфестацый”, патрабуючы “пацвердзіць сваю прысутнасць пад пагрозай страты працоўнага месца”, з горкай іронія сказаў Пантыфік.

Большасць людзей ішла за Езусам, бо адчувала ў гэтым патрэбу. Да Хрыста іх усіх прывабліваў Айцец, а Езус у сваю чаргу, не заставаўся абыякавым, як настаўнік, які кажа свае словы, а затым умывае рукі. “Гэты натоўп кранаў сэрца Езуса. Само Евангелле кажа нам: Езус змілаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра”, - падкрэсліў Пантыфік. 

Паводле Францішка, калі чалавек набліжаецца да Хрыста, абураюцца нячыстыя духі і пачынаюць перашкаджаць гэтай сустрэчы. Калі ж асоба не адчувае іхніх спакусаў, значыць знаходзіцца на неправільным шляху. “Хрысціянскае жыццё без спакусаў – не хрысціянскае! Яно ідэалагічнае, гнастытычнае, але не хрысціянскае! Калі Айцец прываблівае людзей да Езуса, ёсць іншы, які робіць адваротнае, і вядзе вайну супраць цябе ўнутры. Таму Павел кажа пра хрысціянскае жыццё, як пра барацьбу: гэта штодзённая барацьба”, - падкрэсліў Францішак.

Паводле слоў Папы, каб развівацца ў духоўным жыцці нельга ўхіляцца ад унутранай барацьбы. У сувязі з гэтым ён заклікаў вернікаў паразважаць аб прысутнасці ва ўласным сэрцы змагання паміж жаданнем камфорту і служэння іншым, паміж імкненнем да забаваў і малітвы, прагненнем рабіць дабро і прабываць у бестурботнасці. 

“Папросім Пана, каб былі хрысціянамі, якія здольныя распазнаваць, што адбываецца ў нашым сэрцы і выбіраць шлях дабра, на якім Айцец нас прыцягвае да Езуса”, - закончыў сваю ранішнюю гамілію Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.