2017-01-18 14:28:00

Ордэн дамініканаў падсумоўвае вынікі 800-годдзя


Міжнародны кангрэс Ордэна дамініканаў праходзіць 17-21 студзеня 2017 г. у Папскім універсітэце св. Тамаша Аквінскага ў Рыме. У форуме прымае ўдзел каля 600 дэлегатаў з розных краін свету, у пераважнай большасці свецкія вернікі. 

Кангрэс стаў апошняй буйной падзеяй, арганізаванай у рамках святкавання 800-годдзя Ордэна прапаведнікаў і з’яўляецца момантам падвядзення яго вынікаў. Па словах генеральнага настаяцеля гэтай манаскай супольнасці, юбілей быў позіркам у мінулае, неабходным, каб добра зразумець ласку, якую атрымалі, а таксама, якую ролю грае харызмат Ордэна ў сучасным Касцёле.

Айцец Бруна Кадорэ перакананы, што будучыня дамініканаў непарыўна злучана з евангелізацыяй. Аднак, важна зразумець, як яна павінна выглядаць у актуальных умовах. “У эпоху сярэдневечча, прынамсі ў Еўропе, мы мелі хрысціянскае асяроддзе. Спасылка да хрысціянства была чымсьці натуральным, амаль спатнанным. Сёння гэтага ўжо няма, а мы павінны абвяшчаць, што набліжаецца Нябеснае Валадарства”, - сказаў законнік.

На яго думку, актуальным выклікам з’яўляецца набліжэнне Евангелля да тых культур, якія яго не ведаюць. Гаворка ідзе не толькі пра далёкія геаграфічна, але перш за ўсё навуковыя, мастацкія, літаратурныя культуры. “Трэба прызнацца перад самімі сабой, што сучасныя культуры не суіснуюць з Евангеллем. У гэтым заключаецца наш выклік: каб яны сустрэліся, каб пасябравалі”, - лічыць настаяцель Ордэна дамініканаў.

Паводле айца Кадорэ, чалавецтва, якому здаецца, што яно ведае ўсё і валодае ўсім неабходным для панавання ў гэтым часе, важна данесці навіну пра Божае Валадарства, “якое зменіць усё: позірк на гісторыю, позірк на іншых, зменіць надзею чалавецтва”.

Кульмінацыяй Міжнароднага кангрэсу Ордэна дамініканаў стане Эўхарыстыя з папам Францішкам, якая пройдзе 21 студзеня 2017 г. у рымскай базыліцы св. Яна на Латэране. Менавіта сюды ў 1215 г. прыйшоў св. Дамінік, каб падзяліцца задумай аб стварэнні Ордэна прапаведнікаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.