2017-01-17 12:04:00

Пантыфік маліўся за спачылага кардынала Агустоні


Пантыфік прыняў удзел у пахаванні швейцарскага кардынала Джыльберта Агустоні, былога прэфекта Найвышэйшага Трыбунала Апостальскай Сігнатуры. Па заканчэнні пахавальнай літургіі, якая прайшла 17 студзеня 2017 г. у ватыканскай базыліцы, Папа ўзначаліў абрад апошняга развітання з памерлым. Кардынал Агустоні адышоў у вечнасць13 студзеня 2017 г. у 94-гадовым узросце.

Пахавальную св. Імшу ўзначаліў кардынал Анджэла Садана. У сваёй гаміліі ён адзначыў моцную веру спачылага пурпурата. “Нягледзячы на тое, што ён захоўваў у сэрцы памяць пра сваю дарагую швейцарскую супольнасць, ён нас заўсёды настаўляў сваёй вялікай любоўю да Касцёла ў Рыме”, - заўважыў дэкан Калегіі кардыналаў.

14 студзеня 2017 г. Францішак скіраваў спачувальную тэлеграму, у якой высока ацаніў шматгадовае служэнне памерлага іерарха на карысць Апостальскай Сталіцы і “сведчанне святарскай руплівасці і вернасці Евангеллю”, якое ён пакінуў.

Кардынал Агустоні працаваў у структурах Апостальскай Сталіцы з 1950 г. Ён займаў розныя пасады ў Кангрэгацыі Веравучэння, Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, Трыбунале Рымскай Роты, Кангрэгацыі па справах Духавенства. У перыяд паміж 1994-1998 гг. з’яўляўся прэфектам Найвышэйшага Трыбунала Апостальскай Сігнатуры.

Пасля смерці швейцарскага пурпурата Калегія Кардыналаў складаецца з 226 іерархаў, з якіх 120 маюць права голасу на магчымым канклаве.








All the contents on this site are copyrighted ©.