2017-01-15 13:15:00

Святы Айцец: абараніць непаўналетніх мігрантаў


Неабходна прадпрыняць усе магчымыя меры, каб забяспечыць непаўналетнім мігрантам ахову і абарону, а таксама іх інтэграцыю ў грамадства, падкрэсліў Святы Айцец 15 студзеня 2017 г. пасля малітвы “Анёл Панскі” у Ватыкане. З нагоды Сусветнага дня мігранта і бежанца Пантыфік звярнуўся да вернікаў з адмысловым заклікам.

Ён нагадаў, што тэма сёлетняга Дня: “Непаўналетнія мігранты, уразлівыя і пазбаўленыя голасу”. “Гэтым нашым маладым братам, асабліва калі нікім не суправаджаюцца, пагражаюць шматлікія небяспекі”, - заўважыў Францішак і заклікаў атуліць непаўналетніх мігрантаў належным клопатам.

“Скіроўваю асаблівае прывітанне тут сабраным прадстаўнікам розных этнічных супольнасцяў. Дарагія сябры, жадаю вам спакойнага жыцця ў мясцовасцях, якія вас прымаюць, паважаючы іх законы і традыцыі, і ў той жа час, захоўваючы каштоўнасці вашых родных культур. Сустрэча паміж рознымі культурамі заўсёды з’яўляецца ўзбагачэннем для ўсіх!”, - сказаў Папа.

Францішак падзякаваў усім, хто аказвае дапамогу бежанцам і заклікаў натхняцца прыкладам св. Франчэскі Ксаверыі Кабрыні, апякункі мігрантаў, 100-годдзе са смерці якой будзе адзначацца сёлета. “Гэта законніца прысвяціла сваё жыццё нясенню любові Хрыста ўсім, хто апынуўся далёка ад сваёй Радзімы і сям’і. Яе сведчанне няхай дапаможа нам клапаціцца аб братах-падарожных, у якіх прысутны Езус, часта пакутуючы, адчужаны і прыніжаны”, - заклікаў Пантыфік.

Сусветны дзень мігранта і бежанца адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле ў Другую звычайную нядзелю літургічнага года. Пачатак быў пакладзены ў 1914 г., калі папа Пій X устанавіў гэты дзень малітвы ў знак салідарнасці з італьянскімі католікамі, змушанымі ехаць на заробкі ў іншыя краіны.








All the contents on this site are copyrighted ©.