2017-01-15 12:43:00

Папа: толькі Хрыстус вядзе да зямлі жыцця і свабоды


“Касцёл ва ўсе часы пакліканы рабіць тое, што рабіў Ян Хрысціцель – указваць Езуса людзям, кажучы: “Вось Ягнё Божае, якое бярэ на сябе грэх свету!”, - адзначыў Францішак 15 студзеня 2017 г. перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Папа заўважыў, што толькі Хрыстус збаўляе ад граху, вызваляе і вядзе да зямлі жыцця і свабоды.

“У цэнтры сённяшняга Евангелля (Ян 1,29-34) знаходзяцца такія словы Яна Хрысціцеля: “Вось Ягнё Божае, якое бярэ на сябе грэх свету” (Ян 1,29). Словы, якія суправаджаліся позіркам і жэстам рукі, што ўказвалі на Яго, на Езуса.

Уявім сабе гэтую сцэну. Мы знаходзімся на беразе ракі Ярдан. Ян хрысціў. Было шмат людзей: мужчын і жанчын розных узростаў, якія прыходзілі сюды, да ракі, каб атрымаць хрост з рук таго чалавека, які многім нагадваў Іллю – вялікага прарока, што дзевяць стагоддзяў перад гэтым ачысціў ізраільцянаў ад ідалапаклонства і прывёў да сапраўднай веры ў Бога запавету, Бога Абрагама, Ісаака і Якуба.

Ян прапаведваў, што Нябеснае Валадарства ўжо блізка, што Месія прыходзіць і трэба падрыхтавацца, навярнуцца і паступаць справядліва. Ён пачаў хрысціць у Ярдане, каб даць народу канкрэтны сродак для пакаяння (пар. Мц 3,1-6). Гэтыя людзі прыходзілі, каб пакаяцца ў сваіх грахах, каб пакаяцца і пачаць жыццё спачатку. Ён ведаў, Ян ведаў, што Месія, Намашчаны Панам, ужо амаль блізка, і распазнаць Яго можна будзе па тым, што на Яго сыйдзе Святы Дух; гэта Ён прынясе сапраўдны хрост, хрост у Святым Духу (пар Ян 1,33).

І вось гэты момант наступае: Езус аб’яўляецца на беразе ракі, сярод людзей, грэшнікаў – як усе мы. Гэта яго першае публічнае дзеянне, першае, што Ён робіць, пасля таго як пакінуў дом у Назарэце, у трыццаць гадоў: выходзіць у Юдэю, ідзе да Ярдану і прымае хрост ад Яна. Мы ведаем, што здарылася далей – мы адзначалі гэта ў мінулую нядзелю: на Езуса сышоў Святы Дух у выглядзе голуба і голас Айца абвясціў Яго ўмілаваным Сынам (пар Мц 3,16-17). Вось знак, якога Ян чакаў. Гэта Ён! Езус – гэта Месія. Ян быў разгублены, бо Ён аб’явіўся нечаканым чынам: сярод грэшнікаў, прымаючы хрост як яны, і нават больш, дзеля іх. Але Дух асвяціў Яна і даў зразумець, што так спаўняцца Божая справядлівасць, так спаўняецца Яго задума збаўлення: Езус – гэта Месія, Кароль Ізраэля, але не з моцаю гэтага свету, а як Ягнё Божае, якое бярэ на сябе грэх свету.

Затым Ян указвае Яго народу і сваім вучням. Ян меў вялікае кола вучняў, якія выбралі яго сваім духоўным кіраўніком і менавіта некаторыя з іх стануць першымі вучнямі Езуса. Мы добра ведаем іхнія імёны: Сымон, названы потым Пятром, яго брат Андрэй, Якуб і яго брат Ян. Усе былі рыбакамі; усе былі галілейцамі, як Езус.

Дарагія браты і сёстры, чаму мы так надоўга затрымаліся над гэтай сцэнай? Таму што яна вырашальная! Гэта не анекдот. Гэта вырашальны гістарычны факт. Гэтая сцэна вырашальная для нашай веры і вырашальная для місіі Касцёла. Касцёл ва ўсе часы пакліканы рабіць тое, што рабіў Ян Хрысціцель – указваць Езуса людзям, кажучы: “Вось Ягнё Божае, якое бярэ на сябе грэх свету!”. Ён – адзіны Збаўца! Ён – Пан, пакорны сярод грэшнікаў! Гэта Ён, ні хтосьці моцны, які прыходзіць. Не, гэта Ён!  

Гэта словы, якія мы святары паўтараем кожны дзень падчас Імшы, калі паказваем народу хлеб і віно, якія сталі Целам і Крывёй Хрыста. Гэты літургічны жэст адлюстроўвае ўсю місію Касцёла, які не абвяшчае самога сябе – гора, калі Касцёл абвяшчае самога сябе, калі губляе компас, не ведае куды ідзе! Касцёл абвяшчае Хрыста; не нясе самога сябе, нясе Хрыста, таму што Ён і толькі Ён збаўляе свой народ ад граху, вызваляе яго і вядзе да зямлі жыцця і свабоды. Няхай Панна Марыя, Маці Ягняці Божага, дапаможа нам верыць у Яго і ісці за Ім.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы пілігрымаў з розных краін свету і ўдзяліў сваё благаслаўленне.








All the contents on this site are copyrighted ©.