2017-01-14 13:52:00

Папа засмучаны смерцю швейцарскага кардынала


З вялікім смуткам Папа ўспрыняў навіну аб смерці швейцарскага кардынала Джыльберта Агустоні, прэфекта Найвышэйшага Трыбунала Апостальскай Сігнатуры на пенсіі. Іерарх адышоў у вечнасць 13 студзеня 2017 г. у 94-гадовым узросце.

У спачувальнай тэлеграме, скіраванай на імя пляменніцы памерлага, Францішак адзначыў яго шматгадовае служэнне на карысць Апостальскай Сталіцы і “сведчанне святарскай руплівасці і вернасці Евангеллю”, якое ён пакінуў. 

Святы Айцец прыме ўдзел у пахаванні кардынала Агустоні, якое пройдзе 17 студзеня 2017 г. у ватыканскай базыліцы. Па заканчэнні пахавальнай літургіі Пантыфік узначаліць абрад апошняга развітання з памерлым.

Кардынал Джыльберта Агустоні нарадзіўся ў 1922 г. у Швейцарыі. Працаваў у структурах Апостальскай Сталіцы з 1950 г. Ён займаў розныя пасады ў Кангрэгацыі Веравучэння, Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, Трыбунале Рымскай Роты, Кангрэгацыі па справах Духавенства. У перыяд паміж 1994-1998 гг. з’яўляўся прэфектам Найвышэйшага Трыбунала Апостальскай Сігнатуры.

Пасля смерці швейцарскага пурпурата Калегія Кардыналаў складаецца з 226 іерархаў, з якіх 120 маюць права голасу на магчымым канклаве.








All the contents on this site are copyrighted ©.