2017-01-13 13:10:00

Францішак: мець веру – значыць рызыкаваць


Мець веру – значыць рызыкаваць і цалкам давяраць Езусу, падкрэсліў папа Францішак 13 студзеня 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Каментуючы літургічны евангельскі ўрывак пра спаралізаванага, якога сцусцілі да Хрыста праз дзіру ў страсе, Пантыфік заўважыў, што ў жыцці трэба паступаць мужна, каб знайсці сапраўдную надзею.

Папа адзначыў, што людзі, якія ішлі за Хрыстом, мелі для гэтага розныя прычыны. Самае галоўнае, на яго думку, гэта не стаяць на месцы, не назіраць за жыццём “з балкону”, як рабілі некаторыя з кніжнікаў, што сядзелі і асуджалі пабожнасць простых людзей. 

Паводле Францішка, каб па-сапраўднаму сустрэць Езуса, трэба рызыкаваць. Таксама і чатыры евангельскія асобы паступалі так, каб пранесці спаралізаванага да Хрыста. “Яны рызыкавалі тым, што гаспадар дому, мог засудзіць іх, прывесці да суддзі і прымусіць заплаціць. Яны рызыкавалі, але жадалі патрапіць да Езуса”, - сказаў Папа.

Асаблівым чынам Францішак адзначыў здольнасць рызыкаваць, якую маюць жанчыны. Ён прывёў у прыклад евангельскую асобу, хворую на працягу васямнаццаці гадоў, што рызыкавала зняславіць сябе, калі хацела дакрануцца да краю адзення Езуса. “Жанчыны рызыкуюць больш чым мужчыны. Гэта праўда! Яны больш умелыя ў гэтым! Гэта мы павінны прызнаць!”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Напрыканцы сваёй гаміліі Пантыфік заклікаў вернікаў давяраць Езусу і не заставацца бяздзейнымі, седзячымі на месцы, толькі назіраючы за іншымі з душой закрытай па прычыне горычы і недахопу надзеі.








All the contents on this site are copyrighted ©.