2017-01-13 13:37:00

Святы Айцец сустрэўся з італьянскімі паліцэйскімі


Папа сустрэўся 13 студзеня 2017 г. з кіраўніцтвам і супрацоўнікамі Інспекцыі грамадскай бяспекі пры Ватыкане. Падчас традыцыйнай штогадовай аўдыенцыі Францішак назваў прысутных “анёламі-ахоўнікамі” плошчы св. Пятра і падзякаваў за іх шчодрае служэнне, “не пазбаўленае цяжкасцяў і рызык”.

Святы Айцец адзначыў унёсак італьянскіх паліцэйскіх у спакойнае правядзенне Юбілейнага Года Міласэрнасці – падзеі “выключнага духоўнага значэння”, якая прывяла ў Рым “мноства пілігрымаў з розных частак свету”.

“Знешні парадак, за якім вы сачылі з вялікай руплівасцю, уважлівым клопатам і пастаяннай адкрытасцю, паспрыяў унутранаму парадку пілігрымаў, якія шукалі супакою на сустрэчы з міласэрнасцю Пана”, - заўважыў Папа.

Паводле Святога Айца, ўрачыстасць Божага Нараджэння, якая нядаўна адзначалася, запрашае людзей да разважання над “прыніжэннем Божага Сына” і любоў, якую Бог мае да чалавека. 

“Гэта невымерная любоў з’яўляецца пастаянным заклікам да навяртання ў напрамку гасціннасці, салідарнасці і прабачэння нашых братоў. Так, мы зможам спазнаць унутры сябе той спакой, які анёлы ў Бэтлееме абвяшчалі людзям добрай волі”, - сказаў Папа і пажадаў супрацоўнікам італьянскай паліцыі, якія працуюць пры Ватыкане, Божай апекі і благаслаўлення.








All the contents on this site are copyrighted ©.