2017-01-13 13:05:00

Папа звярнуўся з лістом да моладзі


Касцёл прагне пачуць голас моладзі, падкрэсліў 13 студзеня 2017 г. Святы Айцец Францішак. Пантыфік скіраваў спецыяльны ліст да моладзі з нагоды апублікавання Падрыхтоўчага дакументу XV Генеральнай Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў. Форум пройдзе ў кастрычніку 2018 г. у Ватыкане на тэму: “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”.

Пантыфік заўважыў, што словы, якія Бог скіраваў да Абрагама: “Выйдзі са сваёй роднай зямлі і з дому айца твайго ў зямлю, якую табе пакажу” (Быц 12,1), скіраваны таксама да сучаснай моладзі. Яны, аднак, не заклікаюць аддаліцца ад блізкіх і свету, але з’яўляюцца запрашэннем выйсці ў напрамку “новай зямлі” – “больш справядлівага і братэрскага грамадства, якое вы глыбока жадаеце і хочаце пабудаваць аж да краю зямлі”, напісаў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што сёння слова “выйдзі” набывае іншае значэнне, асабліва ў сітуацыі, калі шмат моладзі вымушана пакідаць родныя землі, ратуючыся ад насілля. “Іх вокліч узыходзіць да Бога, як вокліч Ізраіля, нявольніка пад прыгнётам фараона”, - падкрэсліў Пантыфік.

Папа запэўніў моладзь, што Бог глядзіць на яе і запрашае ісці за сабой. “Нават, калі ваша пілігрымаванне пазначана няўпэўненасцю і падзеннямі, багаты міласэрнасцю Бог працягвае сваю далонь, каб вас узняць”, - дадаў ён. 

Па словах Святога Айца, моладзь прагне перамен у свеце, бо яе сэрца не зносіць несправядлівасці і не жадае падпарадкоўвацца культуры адчужэння і глабалізацыі абыякавасці. Ён заклікаў юнакоў і дзяўчат актыўна ўдзельнічаць у будаванні больш шчаслівай будучыні.

“Лепшы свет будуецца і дзякуючы вам, вашаму жаданню зменаў і вашай шчодрасці. Не бойцеся слухаць Святога Духа, Які прапануе вам мужныя рашэнні, не марудзьце, калі сумленне вас просіць рызыкаваць, каб пайсці за Настаўнікам. Таксама і Касцёл жадае прыслухоўвацца да вашага голасу, вашай успрымальнасці, вашай веры і нават да вашых сумніваў і вашай крытыкі. Дайце пачуць ваш крык, дазвольце яму загучаць у супольнасцях і даносьце яго да душпастыраў. Св. Бэнэдыкт раіў абатам кансультавацца з моладзю перад прыняццем кожнага важнага рашэння, бо “часта менавіта самаму маладому Пан адкрывае найлепшае рашэнне”, - нагадаў Пантыфік.

“На працягу гэтага сінадальнага шляху, я і мае браты біскупы, жадаем стаць яшчэ большымі “саўдзельнікамі вашай радасці”, - падкрэсліў Францішак у сваім лісце да моладзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.