2017-01-12 12:00:00

Францішак наведае парафію, каб падтрымаць хворага святара


Папа Францішак у бліжэйшую нядзелю, 15 студзеня 2017 г., адправіцца ў італьянскі горад Гуідонія-Монтэчэльё, дзе наведае парафію Санта-Марыя-а-Сэттэвіле. Спецыяльны візіт Святога Айца мае на мэце падтрымаць мясцовага святара, 47-гадовага кс. Джузэпэ Бэрардзіна, які сур’ёзна хварэе ўжо на працягу двух гадоў. Пантыфік узначаліць св. Імшу ў мясцовым касцёле.

Навіну аб візіце жыхары і парафіяне ўспрынялі “са здзіўленнем і хваляваннем”. “Гэта стала нечаканасцю, - пядзяліўся кс. Луіджы Тэдолдзі, мясцовы пробашч на працягу амаль 21 года. - Мы не маглі нават уявіць сабе папскі візіт на гэтых “задворках” Рыма”.

Святар прызнаўся, што кс. Джузэпэ ён успрымае “як сына”, і калі яму быў пастаўлены дыягназ рассеяны склероз, хацеў, каб той застаўся з ім. Цяперашні памочнік пробашча ўпершыню прыехаў у парафію амаль 14 гадоў таму, калі быў яшчэ семінарыстам. Тут ён атрымаў дыяканскае пасвячэнне, а затым, у 2003 г., і святарскае. Хвароба пачалася з падзення ў летнім лагеры для дзяцей. Два месяцы кс. Джузэпэ заставаўся цалкам паралізаваным. У бальніцы сказалі, што ніколі не бачылі такі жорсткі выпадак. Па выхадных днях, калі медсястра не працавала, дваццаць пар маладых парафіянаў па чарзе дзяжурылі ля яго ложка.

Санта-Марыя-а-Сэттэвіле – гэта маладая парафія, заснаваная сорак гадоў таму. Касцёл быў пабудаваны ў 2000 г. Да яе належаць каля шасці тысяч вернікаў, з іх больш чым 20% актыўна ўдзельнічаюць у парафіяльным жыцці. Гэта ў асноўным маладыя і шматдзетныя сем’і, сярод іх сем’і нават з сямю дзецьмі.
 
Пробашч прызнаўся, што каля 1 тыс. еўра ў месяц з бюджэту парафіі ахвяруецца на дабрачыннасць. У мінулым годзе парафіяльны “Caritas” дапамог людзям на суму 37 тыс. еўра. Гэта і выпадкі крайняй галечы, і фінансавая падтрымка сям’яў, якія не могуць справіцца з іпатэчнымі плацяжамі.

Гуідонія-Монтэчэльё, з насельніцтвам у каля 75 тыс. чалавек, размешчаны ў рэгіёне Лацыё з адміністрацыйным цэнтрам у Рыме. Нябеснай заступніцай горада лічыцца Маці Божая Ларэтанская.








All the contents on this site are copyrighted ©.