2017-01-11 12:37:00

Францішак аб небяспецы “фальшывай надзеі”


Калі ўскладаем надзею на ідалаў, становімся як яны: пустымі выявамі, з рукамі, якія не дакранаюцца, нагамі, якія не крочаць, вуснамі, якія не прамаўляць. Гэта заўважыў Святы Айцец 11 студзеня 2017 г., падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Працягваючы цыкл катэхез аб хрысціянскай надзеі Францішак прысвяціў сваё разважанне небяспецы спадзявання на эфемерных і фальшывых ідалаў, якіх прапануе чалавеку свет.

У першую чаргу, Пантыфік заўважыў, што патрэба ў надзеі з’яўляецца першаснай для чалавека. “Але важна, каб гэтая надзея ўскладалася на тое, што па-сапраўднаму можа дапамагчы жыць і прынесці сэнс нашаму існаванню. Менавіта таму Святое Пісанне папярэджвае нас аб прапанаваных светам відах фальшывай надзеі, выкрываючы іх бескарыснасць і дэманструючы іх бессэнсоўнасць. І робіць гэта розным чынам, але перш за ўсё, асуджаючы фальшывасць ідалаў, якім чалавек, паддаючыся спакусе, рызыкуе даверыцца, робячы іх аб’ектам сваёй надзеі”, - сказаў Папа.

Францішак заўважыў, што, сустракаючыся з жыццёвымі цяжкасцямі, у чалавеку нараджаецца патрэба засцерагчыся ад небяспекі праз пошук рознага роду “датыкальных” ідалаў. У выніку, давер да Бога слабее. І ў гэтым заключаецца сапраўдная рызыка!

“Тады мы сустракаемся са спакусай пошуку эфемерных суцяшэнняў, якія, здаецца, могуць запоўніць пустату адзіноты і аблегчыць высілак веры. Мы думаем, што знойдзем іх у бяспецы, якую могуць даць, напрыклад, грошы, або у саюзах з моцнымі гэтага свету, у марнасці, у фальшывых ідэалогіях. Часам мы шукаем іх у нейкім бажку, які мог бы паддацца нашым просьбам і магічным чынам умяшацца, каб змяніць рэчаіснасць і зрабіць яе такой, якой жадаем”, - звярнуў увагу Папа.

Узгадваючы свой пастрыскі досвед у Аргентыне, Папа распавёў пра існаванне вялікай колькасці людзей, якія, каб атрымаць надзею і жыццёвую ўпэўненасць, звяртаюцца да варажбітаў, “купляюць ілюзорную надзею”, у той час, як сапраўдную надзею бескарысліва дорыць кожнаму чалавеку Езус Хрыстус.

Створаныя чалавекам ідалы не чуюць, не дзейнічаюць і, перш за ўсё, не могуць прамаўляць, дадаў Папа. “Ідэалогіі з іх прэтэнзіямі на абсалютнасць, багацці, уладу, поспех і марнасць, з іх ілюзіямі вечнасці і ўсемагутнасці, такія каштоўнасці, як фізічная прыгажосць і здароўе, калі становяцца ідаламі, якім прыносіцца мноства ахвяраў: усё гэта рэчы, якія заблытваюць розум і сэрца і замест таго, каб весці да жыцця, вядуць да смерці”, - падкрэсліў Францішак.

“Калі надзея ўскладаецца на ідалаў, мы становімся як яны: пустымі выявамі, з рукамі, якія не дакранаюцца, нагамі, якія не крочаць, вуснамі, якія не прамаўляюць. Тады нам ужо няма чаго сказаць, мы становімся няздольнымі дапамагаць, змяняць рэчы, няздольнымі ўсміхацца, дарыць сябе іншым, няздольнымі любіць. Таксама і мы, людзі Касцёла, падвяргаемся гэтай рызыцы, калі становімся “людзьмі гэтага веку”. Трэба прабываць у свеце, але бараніцца ад ілюзій свету, да якіх адносяцца тыя ідалы, якіх я ўзгадаў”, - падкрэсліў Пантыфік.

Напрыканцы сваёй катэхезы, Францішак заўважыў, што, ускладаючы надзею на Бога, людзі становяцца падобнымі да Яго – Пана жывога і сапраўднага, Які для людзей нарадзіўся з Марыі, памёр на крыжы і ўваскрос у хвале. “На гэтага Бога мы ўскладаем надзею, і гэты Бог – Які не з’яўляецца ідалам – ніколі не расчаруе”, - завяршыў свае разважанні падчас агульнай аўдыенцыі Святы Айцец. 








All the contents on this site are copyrighted ©.