2017-01-11 11:09:00

Ватыканская медыя-кампанія на карысць дзяцей-бежанцаў


Секцыя па справах мігрантаў і бежанцаў новай Дыкастэрыі па служэннi iнтэгральнаму развіццю чалавека, якая працуе ўсяго некалькі дзён, абвясціла сваю першую інфармацыйную кампанію па павышэнні свядомасці грамадства ў пытаннях дапамогі патрабуючым. 

Медыя-кампанія, сканцэнтраваная на становішчы дзяцей-бежанцаў і падлеткаў, якія сталі ахвярамі гандлю людзьмі, прымеркавана да 103-га Сусветнага дня мігранта і бежанца. Ён будзе адзначацца ў Каталіцкім Касцёле 15 студзеня 2017 г. на тэму “Непаўналетнія мігранты, уразлівыя і пазбаўленыя голасу”. 

З 12 да 15 студзеня 2017 г. паведамленні папы Францішка ў яго акаунце ў “Twitter” будуць засяроджаны на такога роду сітуацыях. Яны будуць утрымліваць прамыя спасылкі на старонку Секцыі ў “Facebook” з кароткімі гісторыямі і разважаннямі на тэму Сусветнага дня мігранта і бежанца.

Самая новая ўстанова Рымскай курыі – Дыкастэрыя па служэннi iнтэгральнаму развіццю чалавека – пачала працаваць з 1 студзеня 2017 г. Яе секцыю па справах мігрантаў і бежанцаў узначаліў асабіста папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.