2017-01-09 10:37:00

Святы Айцец: наведваю краіны, якім магу крыху дапамагчы


Францішак лічыць Апостальскія падарожжы складанымі з псіхалагічнага пункту гледжання, але вартымі таго, каб іх здзейсняць, бо яны даюць магчымасць дакракуцца да “няўяўнага багацця” абліччаў, вобразаў, досведаў, а таксама “ўмацаваць зерні надзеі”. Аб гэтым Святы Айцец распавёў у інтэрв’ю, якое было змешчана ў новай кнізе італьянскага ватыканіста Андрэа Тарніэлі “У падарожжы”. Яна з’явіцца ў кнігарнях Італіі 10 студзеня 2017 г. і будзе прысвечана падарожжам Папы.

“Я аддаю перавагу тым краінам, якім магу крыху дапамагчы, падбадзёрыць тых, хто нягледзячы на цяжкасці і канфлікты працуе на карысць міру і адзінства. Краіны, якія знаходзяцца або знаходзіліся ў глыбокіх цяжкасцях”, - прызнаўся Пантыфік.

Паводле слоў Папы, яму ніколі не падабалася шмат падарожнічаць. “Калі я быў біскупам іншай дыяцэзіі, Буэнас-Айрэса, прыязджаў у Рым толькі калі было неабходна. Калі мог не прыязджаць, я не прыязджаў. Для мяне заўсёды было цяжка знаходзіцца далёка ад маёй дыяцэзіі, якая для нас біскупаў з’яўляецца “нявестай”, - прызнаўся Пантыфік.

Францішак перакананы, што для добрага адпачынку яму не абавязкова трэба “змяняць асяроддзе”. Галоўнае – гэта мець больш часу для чытання і малітвы.

Свае падарожжы ў якасці Пантыфіка ён пачаў з візіту на італьянскі востраў Лампедуза – першы прыстанак для тысяч бежанцаў, якія спрабуюць патрапіць у Еўропу праз Міжземнае мора. “Я ўбачыў кадры ратавання выжыўшых, атрымаў сведчанні ад шчодрасці і гасціннасці жыхароў Лампедузы. Таму, дзякуючы маім супрацоўнікам, быў арганізаваны гэты спантанны візіт. Было важна паехаць туды”, - заўважыў Папа.

Святы Айцец перакананы, што падчас сваіх пілігрымак ён пакліканы несці людзям Езуса, сведчыць аб Езусе і Яго блізкасці да ўсіх людзей, асабліва самых пакутуючых. Ён прызнаўся, што захоўвае ў сэрцы асобаў, якіх сустракае і моліцца аб вырашэнні складаных і балючых сітуацый, сведкам якіх становіцца. “Я малюся, каб паменшыліся няроўнасці, якія бачыў”, - дадаў Пантыфік.

Францішак распавёў, што не карыстаецца браніраванымі аўтамабілямі або папа-мабілямі з куленепрабівальным шклом, бо лічыць, што біскуп – гэта пастыр, айцец і паміж ім і людзьмі не павінна існаваць шмат бар’ераў. Пастаянна існуе рызыка “непрадказальных дзеянняў з боку якога-небудзь вар’ята, але Пан заўсёды побач”, - дадаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.