2017-01-08 13:23:00

Пантыфік: крочыць шляхам, якому даў пачатак хрост


Езус прыйшоў, каб знішчыць адлегласць паміж чалавекам і Богам, падкрэсліў папа Францішак 8 студзеня 2017 г. перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Пантыфік заклікаў вернікаў зрабіць уласнае жыццё радасным сведчаннем, якое асвятляе шлях, прыносіць надзею і любоў.

“Сёння, у свята Хросту Пана, Евангелле (Мц 3,13-17) паказвае нам сцэну, якая адбылася на беразе ракі Ярдан: сярод скрушанага натоўпу, які набліжаўся да Яна Хрысціцеля, каб прыняць хрост, быў таксама Езус. Стаяў у чарзе,– заўважыў Папа. – Ян хацеў стрымаць Яго, кажучы: “Гэта мне трэба ад Цябе прымаць хрост, а Ты прыходзіш да мяне?” (Мц 3,14). Хрысціцель усведамляў вялікую адлегласць, паміж сабой і Езусам. Але Езус прыйшоў менавіта, каб знішчыць адлегласць паміж чалавекам і Богам: калі Ён з’яўляецца цалкам Богам, то Ён з’яўляецца таксама цалкам чалавекам і злучае тое, што было падзелена. Таму просіць Яна ахрысціць Яго, каб выканалася усё, што справядліва (пар. Мц 3,15), гэта значыць, каб споўнілася задума Айца, якая рэалізуецца на шляху паслухмянасці і салідарнасці са слабым і грэшным чалавекам, на шляху пакоры і поўнай блізкасці Бога да сваіх дзяцей, таму што Бог вельмі блізка да нас, вельмі!

У хвіліну, калі Езус, ахрышчаны Янам, выходзіць з водаў ракі Ярдан, голас Бога Айца пачуўся з вышыняў: “Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў” (Мц 3,17). У той жа час Святы Дух, у выглядзе голуба, сышоў на Езуса, які даў публічна пачатак сваёй місіі збаўлення; місіі прасякнутай стылем пакорнага і ціхага слугі, ўзброенага толькі сілай праўды, як прадказваў Ісая: “Не будзе крычаць і не будзе ўсклікаць, на вуліцы не будзе чутна голасу Яго (...) і не пагасіць тлеючага кноту; для праўды прынясе Ён Правасуддзе” (Іс 42,2-3). Пакорны і ціхі слуга.

Вось стыль Езуса, а таксама місійны стыль вучняў Хрыста: абвяшчаць Евангелле з лагоднасцю і рашучасцю, без крыку, без ганьбавання кагосьці, але з лагоднасцю і рашучасцю, без пыхі ці навязлівасці. Сапраўдная місія – гэта ніколі не празелітызм, але прыцягенне да Езуса. Але як? Як робіцца гэта прыцягненне да Езуса? Праз уласнае сведчанне, пачынаючы ад моцнай лучнасці з Ім у малітве, адарацыі і канкрэтнай міласэрнасці, якая з’яўляецца служэннем Езусу прысутнаму ў самым малым з братоў. На падабенства Езуса, добрага і міласэрнага пастыра, і натхнёныя Ягонай ласкай, мы пакліканы зрабіць наша жыццё радасным сведчаннем, якое асвятляе шлях, якое прыносіць надзею і любоў.

Гэта свята дазваляе нанова спазнаць дар і прыгажосць быцця ахрышчаным народам, што значыць грэшнікамі – усе мы імі з’яўляемся – збаўленымі ласкай Хрыста, па-сапраўднаму ўключанымі, моцай Святога Духа, у сыноўскія адносіны Езуса з Айцом, прынятымі ва ўлонне маці Касцёла, стаўшымі здольнымі да братэрства, якое не ведае межаў і бар’ераў.

Няхай Панна Марыя дапаможа ўсім нам, хрысціянам, захоўваць заўсёды жывое і ўдзячнае ўсведамленне нашага хросту і з вернасцю крочыць шляхам, якому даў пачатак гэты сакрамэнт нашага адраджэння. Заўсёды з пакорай, лагоднасцю і рашучасцю".

На заканчэнне сустрэчы з вернікамі Францішак запэўніў у сваёй малітве бацькоў, дзеці якіх у хуткім часе атрымаюць сакрамэнт хросту або нядаўна атрымалі яго. Папа заклікаў памятаць пра яго малітоўныя інтэнцыі і прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы вернікаў.  








All the contents on this site are copyrighted ©.