2017-01-06 13:09:00

Святы Айцец: хто шукае Бога, ідзе на перыферыі


Хто шукае Бога, ідзе на перыферыі, як жабрак, каб сустрэць Яго, падкрэсліў Святы Айцец падчас Эўхарыстыі, якую цэлебраваў 6 студзеня 2016 г. у ватыканскай базыліцы з нагоды ўрачыстасці Аб’яўлення Пана. У сваёй гаміліі Францішак звярнуў увагу на стаўленне трох евангельскіх мудрацоў, якія атрымалі магчымасць ушанаваць нованароджанага Хрыста, бо мелі адвагу, каб вырушыць у падарожжа і схіліцца перад маленькім, бедным і безабаронным. 

Францішак заўважыў, што евангельскія мудрацы – гэта ўзор веруючага чалавека, які мае тугу па Богу. “Святая туга па Богу выплывае з веруючага сэрца, якое ведае, што Евангелле – гэта не падзея з мінулага, але сучаснасць. Святая туга па Богу дазваляе нам мець адкрытыя вочы, перад абліччам усіх спробаў абмежавання ці звужэння жыцця. Святая туга па Богу – гэта веруючая памяць, якая бунтуе перад абліччам шматлікіх прарокаў няшчасцяў. Гэтая туга падтрымлівае надзею веруючай супольнасці, што з тыдня ў тыдзень, моліцца словамі: “Прыйдзі, Пане Езу”, - лічыць Папа.

Францішак перакананы, што “туга да Богу – гэта пастава, якая разбурае нудны канфармізм і падштурхоўвае нас да намаганняў на карысць тых пераменаў, па якіх сумуем і якіх патрабуем. Туга па Богу мае свае карані ў мінулым, але не спыняецца на ім: ідзе шукаць будучыні”. 

Папа падкрэсліў, што вернік, які мае святую тугу па Богу, ідзе шукаць Яго, як мудрацы, “у самыя аддаленыя месцы гісторыі, бо ў сваім сэрцы ведае, што там яго чакае Яго Пан”. “Ён ідзе на перыферыі, на памежжы, у неевангелізаваныя месцы, каб сустрэцца са сваім Панам і не робіць гэтага з высакамернасцю, але як жабрак, які не можа ігнараваць вачэй тых, для каго Добрая Навіна – гэта зямля, якая яшчэ павінна быць адкрыта”, - дадаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што мудрацы адкрылі “Бога, Які жадае быць любімым”, што “погляд Бога ўздымае пасля падзення, прабачае, аздараўляе”. Ён падкрэсліў, што “Бог пажадаў нарадзіцца там, дзе мы гэтага не чакалі, і дзе, магчыма, гэтага не жадалі”, а таксама, што “ў позірку Бога ёсць месца для параненых, стомленых, падвергнутых кепскім адносінам і пакінутым”, а “Яго сіла і моц называецца міласэрнасцю”. 








All the contents on this site are copyrighted ©.