2017-01-05 14:39:00

Пантыфік: пасля землятрусу трэба адбудаваць сэрцы


Францішак прыняў 5 студзеня 2017 г. на спецыяльнай аўдыенцыі ў зале Паўла VI у Ватыкане ахвяраў двух землятрусаў, якія адбыліся ў Італіі 24 жніўня і 30 кастрычніка 2016 г. Яны нанеслі ўдар па трох рэгіёнах: Лацыё, Умбрыі і Маркі. 

Святы Айцец пачуў два сведчанні, якімі падзяліліся Рафаэле Тэста і кс. Лучана Авэнаці, пробашч з Прэчы, а затым спаслаўся на іх словы ў імправізаванай прамове.

Ён адзначыў, што, перш чым аднавіць дамы пасля землятрусу, трэба адбудаваць сэрцы, а таксама сацыяльную тканіну. “Сэрцы людзей параненыя, таму што страцілі дамы, сваіх блізкіх”, - сказаў Францішак. Ён у той жа час адзначыў, што аднаўленне сэрцаў, гэта не толькі аптымізм, які доўжыцца некаторы час. Тут неабходная надзея. І хоць жыццё не будзе такім жа, як раней, у рэшце рэшт раны будуць загоены і толькі шрамы застануцца на ўсё жыццё, нагадваючы пра гэты балючы момант.

Пантыфік адзначыў, што ахвяры землятрусу адчулі блізкасць з боку іншых людзей, якая дадае чалавечнасці і мужнасці. Ён паўтарыў, што для аднаўлення неабходныя адчувальныя перад абліччам болю сэрцы і дапаможныя рукі ўсіх.

Раёны, пацярпелыя ад жнівеньскага бедства Францішак наведаў у кастрычніку асабіста. Яго нечаканы візіт пачаўся з горада Аматрычэ. Затым ён адправіўся ў Барбону, Чытарэале, Акумолі, Пескару-дэль-Тронта і Арквату-дэль-Тронта.








All the contents on this site are copyrighted ©.