2017-01-05 11:59:00

Генсек Сіноду пра галоўныя прынцыпы “Amoris laetitia”


“Касцёл з адкрытымі дзвярыма” – гэта сінадальны адказ сучаснай сям’і, што і знайшло свой поўны выраз у папскай адгартацыі “Amoris laetitia”, патлумачыў кардынал Ларэнца Балдзісэры, генеральны сакратар Сіноду Біскупаў. Яго цытуе “L’Osservatore Romano”. 

Іерарх падкрэсліў ключавыя паняцці дакумента, якія акрэсліваюць падыход да сям’і: “прымаць, суправаджаць, распазнаваць і інтэграваць”. Сама адгартацыя з’яўляецца, паводле яго, пасланнем надзеі для ўсіх сем’яў, у тым ліку і тых, хто жыве ў сітуацыі цяжкасцяў і крызісу, а таксама заклікам, не бянтэжыцца выклікамі, якія ўзнікаюць у кантэксце сучаснага грамадства, жыць сваім пакліканнем і сваёй місіяй у Касцёле і ў сучасным свеце.

Кардынал дакладна і падрабязна патлумачыў увесь сінадальны працэс, які ўключаў “адкрытае і шчырае” абмеркаванне на двух асамблеях, якія прывялі да фармуліроўкі заключнага дакументу, а затым да напісання Папам паслясінадальнай адгартацыі. Паводле іерарха, працэс быў практычным ажыццяўленнем сінадальнасці ў разуменні Францішка: сталай практыкі ў касцёльным жыцці. Метад, які выкарыстоўваўся, лічыць генеральны сакратар Сінода, павінен быў гарантаваць прыняцце правільных рашэнняў, адпаведных Божай волі.

Менавіта распазнаванне дапамагае разабрацца ў незлічоных канкрэтных сітуацыях, прадстаўленых на разгляд Айцам Сінода, і гэтыя сітуацыі не з’яўляюцца сухімі тэалагічнымі казусамі, але адлюстроўваюць паўсядзённае жыццё сем’яў ва ўсіх яе адценнях, у тым ліку і ў першую чаргу самых балючых. 

“Amoris laetitia” ўжывае дзеяслоў “распазнаваць” перш за ўсё ў восьмым раздзеле: тут гаворка ідзе пра сітуацыі, калі “каханне больш не адпавядае форме сакрамэнту сужэнства”. У гэтым выпадку Касцёл “клапоціцца пра людзей, якія нясуць у сабе раны, каб яны маглі вярнуцца на шлях Евангелля, у святле першынства Божай ласкі, якая ніколі не пакідае”.

Гэта не азначае, удакладніў кардынал Балдзісэры, што права і дактрына Касцёла перажываюць змены насуперак традыцыйнаму маральнаму вучэнню. Аднак, пры захаванні агульных нормаў, “асобныя сітуацыі павінны разглядацца ў іх спецыфіцы”. У гэтым сэнсе “Amoris laetitia”, напрыклад, дае ясныя ўказанні ў дачыненні да далікатнага пытання разведзеных, якія ўступілі ў новы грамадзянскі саюз, адкрываючы для іх магчымасць “сакрамэнтальнага прымірэння і прыняцця эўхарыстыі”. У дадзеным выпадку, растлумачыў генеральны сакратар Сіноду Біскупаў, гаворка ідзе заўсёды пра “шлях”, які адлюстроўвае “выспяванне асвечанайга сумлення”. “Касцёл адкрыты” не можа здавольвацца толькі абагульненай блізкасцю да людзей, пакідаючы кожнага ў яго адпраўной кропцы: мэта душпастырскага суправаджэння – далучаць людзей да касцёльнага жыцця згодна з магчымасцямі, этапамі і спосабам, прыдатным для кожнага асобнага выпадку.

Усё гэта мае на ўвазе таксама падрыхтоўку тых, хто жадае заключыць сужэнства, і душпастырскае суправаджэнне пасля шлюбу. Менавіта яно дапаможа ў далейшым пазбегнуць адхіленняў або краху сужэнства і сям'і.

Гэтак жа, як Бог клапоціцца аб усіх сваіх дзецях, пачынаючы з самых слабых і далёкіх, падкрэсліў кардынал Балдзісэры, Касцёл з любоўю набліжаецца да тых, хто ўдзельнічае ў яго жыцці “недасканалым чынам”, і душпастыры павінны глядзець у твар кожнай з такіх асоб.








All the contents on this site are copyrighted ©.