2017-01-04 15:53:00

Папскі пасланнік пра сітуацыю ў Венесуэле


Вельмі складанай застаецца сітуацыя ў Венесуэле, якая на працягу некалькіх месяцаў сутыкаецца з сур’ёзным палітычным крызісам. Так лічыць арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэлі, які нядаўна вярнуўся з гэтай краіны, дзе, як спецыяльны пасланнік Папы сустракаўся з усімі бакамі ўнутранага канфлікту. Пасля серыі дыскусій, праведзеных у перыяд з кастрычніка паміж урадам і апазіцыяй, якія да гэтага часу не прывялі да пагаднення, чакаецца, што бакі сядуць за стол перамоваў 13 студзеня 2017 г.

Арцыбіскуп Чэлі падзяліўся сваімі думкамі ў шырокім інтэрв’ю італьянскаму каталіцкаму тэлебачанню “TV2000”. Ён падкрэсліў, што венесуэльцы адважныя людзі, якія, нягледзячы на існуючыя праблемы, не губляюць надзеі, і адзначыў, што “пытанне для ўсіх застаецца аднолькавым: “ Якую краіну цяперашняе пакаленне хоча пакінуць сваім дзецям?”.

Іерарх адзначыў, што, хоць усе ўжо стаміліся ад гэтай сітуацыі, аднак, варта зразумець, што няма іншага выйсця з крызісу апроч сумеснага пошуку рашэнняў. “Дыялог з’яўляецца адзіным спосабам; няма іншага шляху!”, - падкрэсліў папскі пасланнік. Ён дадаў, аднак, што такая сітуацыя з’яўляецца свайго роду абавязацельствам, прычым, для ўсіх. “Гэтая адказнасць датычыць таксама перамоваў. Размова тут не з’яўляецца самамэтай. Гаворка ідзе аб пошуку вырашэння надзённых праблем, якія ўплываюць на людзей, што пакутуюць на працягу доўгага часу”, - сказаў папскі пасланнік у Венесуэле.

На думку арцыбіскупа Чэлі, пасрэдніцтва Касцёла ва ўрэгуляванні канфлікту можа адыграць значную ролю. “Калі дыпламатыя з’яўляецца агульным дабром, мірам, павагай да чалавечай годнасці, вядома ж, усё гэта блізка Касцёлу, - адзначыў іерарх. - Гэтыя ідэі і каштоўнасці належаць місіі Касцёла. Часам мы выкарыстоўваем слова “дыпламатыя”, каб паказаць на тое, якімі павінны быць мова і паводзіны людзей. Таму, трэба правільна разумець, якое пасланне нясе слова “дыпламатыя”, - сказаў спецыяльны прадстаўнік Папы.

Святы Пасад прымае актыўны ўдзел у перамовах паміж уладамі і апазіцыяй у Венесуэле ў якасці пасярэдніка. Трэба нагадаць, што Францішак асабіста напісаў ліст да Прэзідэнта Венесуэлы, у якім выказаў сваё стаўленне да сітуацыі ў краіне, а затым прыняў яго на аўдыенцыі ў Ватыкане. Ён пажадаў Венесуэле вырашыць свае праблемы шляхам дыялогу, а не канфрантацыі. Апазіцыя неаднаразова падкрэслівала, што ўдзельнічае ў перамовах выключна таму, што на іх ёсць прадстаўнік Пантыфіка.

Венесуэла ўжо на працягу многіх гадоў перажывае сур’ёзны эканамічны і палітычны крызіс. На піку масавых пратэстаў два гады таму многія апазіцыйныя палітыкі былі арыштаваныя і прысуджаныя да доўгіх тэрмінаў пазбаўлення волі. На апошніх парламенцкіх выбарах у краіне перамагла апазіцыя. Было сабрана больш за два мільёны подпісаў за правядзення рэферэндуму, накіраванага на змену сацыялістычнага Прэзідэнта Нікаласа Мадуры.








All the contents on this site are copyrighted ©.