2017-01-04 15:23:00

Папа: слёзы нараджаюць надзею і новае жыццё


Аб надзеі, якая перажываецца ў слязах, казаў Францішак падчас першай у гэтым годзе агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 4 студзеня 2016 г. у ватыканскай Зале Паўла VI. Ён узгадаў асобу каханай жонкі патрыярха Якуба, маці Юзафа і Бэньяміна – Рахіль, якая памерла падчас родаў другога сына. На сустрэчы з Папам прысутнічалі 6 тыс. чалавек.

Пантыфік, спасылаючыся на словы прарока Ераміі: “Голас у Раме чутны, плач і лямант вялікі. Рахіль аплаквае дзяцей сваіх і не хоча суцешыцца, бо іх няма” (Ер 31, 15-17), адзначыў, што Рахіль была паклікана паказаць боль па дзецях, вымушаных жыць на выгнанні. Яна не хоча, каб яе суцяшалі, і гэта дэманструе глыбіню яе болю і горыч яе слёз. Прарок Ерамія звяртаецца да ізраільцянаў на чужыне, каб супакоіць іх эмацыйнымі словамі плачу Рахіль, але, адначасова, дае надзею.

“Ерамія прадстаўляе гэтую жанчыну свайго народа, вялікую маці свайго племя, у сітуацыі болю і слёз, але і з перспектывай неймавернага жыцця. Рахіль, якая ў апісанні Кнігі Быцця памерла падчас родаў і прыняла гэтую смерць, каб дзіця магло жыць, прарок паказвае, як “жывую з Рамы”, дзе сабраліся дэпартаваныя, як тую, што аплаквае дзяцей, якія, кіруючыся на выгнанне, у пэўным сэнсе памерлі; дзяцей, якіх, як кажа яна сама, “больш няма”, якія зніклі назаўжды. Вось чаму Рахіль не хоча суцяшэння ад іншых. Гэта адмова выказвае глыбіню яе болю і горыч яе слёз. Перад аблічам трагедыі страты сваіх дзяцей маці не можа прыняць слоў або жэстаў суцяшэння, якія заўсёды з’яўляюцца не да месца, ніколі не могуць палегчыць болю ад раны, якая не можа і не хоча быць загоена. Болю прапарцыйнага да любові”,  - сказаў Папа.

Францішак заўважыў, што і “сёння ёсць шмат маці, якія плачуць, якія не прымаюць страту дзіцяці, не хочуць суцяшэння у абліччы непрымальнай смерці”. 

“Рахіль увасабляе ў сабе боль усіх маці свету, усіх часоў, і слёзы кожнага чалавека, які аплаквае незаменныя страты. Гэта адмова Рахіль, якая не хоча суцяшэння ад іншых, вучыць нас, наколькі неабходная мяккасць у абліччы пакут іншых людзей. Каб казаць пра надзею тым, хто ў роспачы, трэба падзяляць іх роспач, каб выціраць слёзы з твару таго, хто пакутуе, трэба да яго плачу далучыць свой. Толькі тады нашыя словы могуць сапраўды быць у стане даць крыху надзеі, і калі я не магу сказаць такія словы, плачучы ад болю, то лепшым будзе маўчанне, сведчанне пяшчоты, жэст без слоў”, - парэкамендаваў Пантыфік.

Жанчына, якая пагадзілася памерці пры родах, каб яе сын мог жыць, праз свой плач стала крыніцай новага жыцця для выгнаных з радзімы і зняволеных дзяцей, звярнуў увагу Святы Айцец. І на боль і горкае галашэнне Рахіль Бог адказвае абяцаннем, якая з’яўляецца прычынай сапраўднага суцяшэння: людзі змогуць вярнуцца з выгнання і перажываць у веры і свабодзе свае адносіны з Богам. “Слёзы нарадзілі надзею. Гэта не так лёгка зразумець, але гэта праўда. Шмат разоў у нашым жыцці слёзы сеюць надзею, з’яўляюцца зернем надзеі”, - лічыць Францішак.

Паводле Папы, словы прарока Ераміі ставяць нас у абліччы трагедыі забойства безабаронных асоб, тэрору ўлады, якая пагарджае жыццём і руйнуе яго. Ён нагадаў пра дзяцей з Бэтлеему, забітых з-за Езуса. І Ён, як нявіннае Ягнё, потым аддасць сваё жыццё за ўсіх нас. 

Пантыфік прызнаўся: “Калі нехта задае мне складанае пытанне: “Чаму дзеці пакутуюць”, я сапраўды не ведаю, што адказаць. Я проста кажу, што трэба паглядзець на крыж і ўбачыць, як Бог аддаў Свайго Сына. Таму мы кажам, што Бог увайшоў у чалавечы боль, падзяляў яго і прыняў смерць. Яго Слова, у канчатковым рахунку, з’яўляецца апошнім словам суцяшэння, таму што нараджаецца са слёз”.

І “на крыжы Ён – паміраючы сын – абдорыць сваю Маці новай урадлівасцю, даверыўшы ёй вучня Яна і робячы яе Маці вернага народа”, - заўважыў Папа і завяршаючы сваю катэхезу дадаў, што менавіта слёзы Марыі, як слёзы Рахіль нарадзілі надзею і новае жыццё.








All the contents on this site are copyrighted ©.