2017-01-02 16:01:00

Папа ахрысціць дзяцей з рэгіёну, пацярпелага ад землятрусу


Францішак удзеліць сакрамэнт хросту дзецям з італьянскага рэгіёну, які пацярпеў ад землятрусу. Гэта адбудзецца 14 студзеня 2017 г. Навінай падзяліўся Біскуп Рыеці Даменіка Пампілі, у дыяцэзіі якога размешчаны разбураныя землятрусам мясцовасці Аматрычэ і Акумолі. 

Разам з тым Пантыфік не адмовіцца ад традыцыі і ўдзеліць сакрамэнт дзецям ватыканскіх супрацоўнікаў у свята Хросту Пана. 8 студзеня яны атрымаюць хрост у Сікстынскай капэле Ватыкана.

Паводле ўступнай інфармацыі, Францішак ахрысціць восем дзяцей, якія нарадзіліся пасля разбуральнага землятрусу 24 жніўня 2016 г., у сваёй ватыканскай рэзідэнцыі – Доме св. Марты. Гістарычныя мясцовасці былі амаль цалкам разбураныя ў выніку бедства.

Францішак здзейсніў нечаканы візіт у Аматрычэ ў кастрычніку. Ён наведаў школу, дзе прывітаў каля 100 дзяцей, затым зону, зачыненую па меркаваннях бяспекі, размаўляў пра сітуацыю з пажарнымі і прадстаўнікамі праваахоўных органаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.