2016-12-28 11:21:00

Рэлігіязнаўца: не чуў, каб нацельны крыжык кагосьці абразіў


Міністэрства аховы здароўя Беларусі адрэагавала на адкрытыя звароты іерархаў Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы наконт сумнавядомага праекта пастановы “Аб зацвярджэнні норм медыцынскай этыкі і дэанталогіі”. Нагадаем, праект, дзе прапісвалі патрабаванні да знешняга выгляду медработнікаў, у прыватнасці забарону на “відавочную дэманстрацыю сваёй рэлігійнай прыналежнасці, адкрытае нашэнне рэлігійных знакаў і сімвалаў”, выклікаў абурэнне вернікаў. Да міністра аховы здароўя звярнуліся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і мітрапаліт Павел з крытыкай праекту. Гэта ні што іншае, як дыскрымінацыя вернікаў, заявіў каталіцкі іерарх у сваім адкрытым лісце. Пасля гэтага міністэрства паведаміла, што прапановы і заўвагі прынятыя пад увагу, а грамадскае абмеркаванне па праекце спынена ў сувязі з яго дапрацоўкай.

Неабдуманым лічыць праект дацэнт, кандыдат філасофскіх навук, выкладчык рэлігіязнаўства ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Скарыны, прадстаўнік праваабарончай арганізацыі “Беларусі хельсінскі камітэт” Віктар Адзіночанка. Як ён паведаміў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, па сваёй сутнасці ва ўзгаданым пункце праект накіраваны супраць традыцыйных хрысціянскіх канфесій.

“У першую чаргу ён накіраваны супраць праваслаўных, якія надаюць вялікую ўвагу знешняй атрыбутыцы, і католікаў. Пратэстанты ж не надаюць такое значэнне рэлігійным сімвалам, таму іх гэты праект мала закранае. Алё ёсць яшчэ язычніцкая рэлігійнасць. Калі, напрыклад, нейкая супрацоўніца паліклінікі носіць знак задыяка на ланцужку, верыць, што ён ёй дапамагае, – гэта язычніцкая рэлігійнасць, але яна не падпадае пад прапісаную ў праекце забарону. Або чалавек носіць нейкі камень і верыць, што ён абараняе ад сурокаў – фактычна, гэта амулет, і таксама рэлігійнае ўяўленне язычніцкага плану. Але і гэта не будзе рэгулявацца дадзеным праектам. І можна прывесці яшчэ шмат прыкладаў, калі чалавек носіць рэлігійную атрыбутыку і не падпадае пад гэты праект. Таму, як ні парадаксальна, ён накіраваны менавіта супраць хрысціян», - робіць выснову рэлігіязнаўца.

Ён упэўнены, што ў Міністэрстве аховы здароўя павінны ўлічыць звароты кіраўніцтва Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы, бо калі праект будзе прыняты ў такім выглядзе, ён справакуе рэлігійную напружанасць у грамадстве. Навуковец лічыць, што аўтарам праекта трэба адказаць на пытанне: што значыць “адкрытая дэманстрацыя”, ці падпадаюць пад гэта нацельныя крыжыкі? І падкрэслівае, што не ведае выпадкаў, калі б яны абражалі чыесці пачуцці.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.








All the contents on this site are copyrighted ©.