2016-12-28 12:58:00

Папа: Абрагам вучыць нас малітве праз скаргу


Абрагаму прысвяціў свае разважанні папа Францішак. Менавіта гэта біблійная постаць з’яўляецца арыенцірам на шляху надзеі, падкрэсліў Пантыфік 28 снежня 2016 г. падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI у прысутнасці 7 тыс. вернікаў. Ён нагадаў Пасланне да Рымлянаў, у якім св. Павел называе Абрагама нашым правадыром на шляху веры і надзеі. 

“Апостал піша пра яго: “Ён насуперак надзеі паверыў з надзеяй, што стане айцом многіх народаў” (Рым 4, 18) – насуперак надзеі – гэта вельмі цяжка, гэта моцна. Няма ніякай надзеі, але ўсё ж я спадзяюся, – гэта наш айцец Абрагам. Св. Павел звяртаецца да веры, што меў Абрагам да слова Божага, якое абяцала яму сына. Але гэта была сапраўды даверлівая надзея, надзея “насуперак надзеі”, настолькі было малаверагодна тое, што абяцаў яму Пан, таму што ён быў стары – яму было амаль сто гадоў, а яго жонка была бясплодная. Там не было ніякага выхаду. Але калі Бог сказаў – ён верыў. Там не было ніякай чалавечай надзеі, але ён паверыў”, - пракаментаваў Святы Айцец.

Верачы ў гэта абяцанне, Абрагам адправіўся ў дарогу, ён пагадзіўся пакінуць сваю радзіму і стаць чужынцам, у надзеі, што народзіцца гэты “немагчымы” сын, якога Бог павінен даць яму, нягледзячы на тое, што ўлонне Сары было ўжо мёртвым, нагадаў Францішак. “Абрагам паверыў, яго вера адкрылася на надзею, здавалася б неразумную – гэта здольнасць выйсці за межы чалавечага розуму, мудрасці і разважлівасці свету, за межы таго, што звычайна лічыцца здаровым сэнсам, каб паверыць у немагчымае. Надзея адкрывае новыя гарызонты, дае магчымасць марыць пра тое, што немагчыма нават уявіць. Надзея ўваходзіць у цемру нявызначанай будучыні, каб ісці ў святле. Цнота надзеі цудоўная, яна дае шмат сілаў, каб ісці праз жыццё”, - заўважыў Папа.

Шлях надзеі, сказаў Пантыфік, – гэта цяжкі шлях. Менавіта таму ў выпадку Абрагама наступіў крызіс роспачы. Ён давяраў, пакінуў свой дом, сваю зямлю, сяброў – усё! Прыйшоў на зямлю, якую паказаў яму Бог. Прайшоў час, а падарожжа было нялёгкім, тады не было самалётаў, каб хутка можна было падарожнічаць на вялікія адлегласці. Патрэбныя былі месяцы і гады. Час ішоў, але сын не прыходзіў на свет, Сара заставалася бясплоднай.

Абрагам, хоць не страціў надзеі, але скардзіўся Богу, і гэта была яго малітва. Пан не застаўся абыякавым да слоў Абрагама, Ён адзказаў яму, што патомства яго будзе шматлікім, як колькасць зорак на небе. Гэта сцэна адбываецца ў начны час, заўважыў Святы Айцец, цёмна звонку, але цемра і ў сэрцы Абрагама, цемра расчаравання, роспачы, цяжкасці. Патрыярх, здаецца, занадта стары, у яго няма больш часу для нараджэння сына. Абрагам просіць Пана, але Бог, нават калі прысутнічае і размаўляе з ім, як быццам трымае дыстанцыю, як быццам не стрымлівае слова. Абрагам адчувае сябе адзінокім, ён стары і стомлены, набліжаецца да смерці. Як можна працягваць давяраць?

“Але ўжо сама яго скарга з’яўляецца адной з формаў веры. Гэта малітва. Не гледзячы ні на што, Абрагам ўсё яшчэ верыць у Бога і спадзяецца, што яшчэ нешта можа адбыцца. У адваротным выпадку, нашто яму прасіць Пана, скардзіцца Яму, нагадваць пра Яго абяцанні? Вера – гэта не толькі маўчанне, якое прымае ўсё без адказу, надзея не з’яўляецца ўпэўненасцю, якая абараняе ад сумневаў і дылем. Часта надзея з’яўляецца цемрай, але ёсць таксама надзея, якая нясе нас наперад. Вера з’яўляецца таксама змаганнем з Богам, праявай нашай горычы, без “набожнай” афарбоўкі. (...) Трэба мець мужнасць. І гэта надзея. Надзея – гэта таксама бачыць рэальнасць такой, якая яна ёсць, і прымаць яе супярэчнасці”, - сказаў Папа.

Такім чынам, Абрагам звяртаецца да Бога, каб дапамог яму захаваць надзею. І Пан адказвае яму спаўненнем свайго абяцання. З боку Бога нічога не змянілася. Ён працягвае паўтараць тое, што ўжо раз сказаў, і не дае Абрагаму падставы, адчуваць сябе супакоеным. Адзінае, што павінна даваць яму ўпэўненасць, гэта давер да Божага слова. І знак, які Бог дае Абрагаму, гэта патрабаванне, каб далей верыў і меў надзею, заўважыў Францішак. Бог выводзіць Абрагама за межы яго вузкіх перспектыў і паказвае яму зоркі. Для таго, каб паверыць, трэба быць у стане бачыць вачыма веры, - дадаў ён.

“Гэта вера, гэта шлях надзеі, які кожны павінен прайсці. Калі ў нас застаецца толькі магчымасць глядзець на зоркі, гэта час, каб даверыцца Богу. Няма нічога больш цудоўнага. Надзея не расчароўвае”, - завяршыў сваю катэхезу Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.