2016-12-26 14:04:00

Папа: сёння мучанікаў больш, чым было ў першыя стагоддзі


Мучаніцтва суправаджае хрысціянства з самага пачатку яго існавання – доказам таму гісторыя св. Стэфана, а прычына ў тым, што свет ненавідзіць хрысціян таму, што і Хрыста, яны нясуць святло туды, дзе аддаецца перавага цемры. Гэта заўважыў папа Францішак 26 снежня 2016 г. у Ватыкане ў сваіх разважаннях перад малітвай “Анёл Панскі”.

“Радасць Божага Нараджэння напаўняе нашыя сэрцы сёння, хоць літургія адзначае ўспамін мучаніцтва св. Стэфана, першамучаніка, запрашаючы нас прыняць сведчанне, якое ён праз сваю ахвяру пакінуў нам, - звярнуў увагу Папа. - Гэта слаўнае сведчанне хрысціянскага мучаніцтва, якое ён пацярпеў за любоў да Езуса Хрыста. Гэта тое мучаніцтва, якое працягвае прысутнічаць у гісторыі Касцёла, ад Стэфана і па сённяшні дзень.


 
Аб узгаданым сведчанні распавядае і сённяшняе Евангелле (Мц 10, 17-22). Езус абяцае сваім вучням сустрэчу з адчужэннем і пераследам: “І ўсе будуць ненавідзець вас за імя Маё” (Мц 10, 22). Але чаму свет пераследуе хрысціян? Свет ненавідзіць хрысціян па той жа прычыне, што і Езуса, бо Ён прынёс Божае святло, а свет аддае перавагу цемры, каб схаваць свае злыя справы. Узгадаем што сам Езус, падчас Апошняй Вячэры, маліўся да Айца, каб абараніў нас ад зла духа гэтага свету. Існуе супрацьлегласць паміж менталітэтам Евангелля і мірскім. Ісці за Езусам, азначае прытрымлівацца яго святла, якое палымнее ў ноч Божага Нараджэння, і асвятляе цемру гэтага свету.

Першамучанік Стэфан, напоўнены Святым Духам, быў пабіты камянямі, таму што вызнаў сваю веру ў Езуса Хрыста, Сына Божага. Адзінародны Сын, Які прыходзіць у свет, запрашае кожнага верніка, выбраць шлях святла і жыцця. Гэта глыбокі сэнс яго прыходу паміж нас. Любячы Пана і слухаючы Яго голас, дыякан Стэфан абраў Хрыста, Жыццё і Святло для кожнага чалавека. Выбіраючы ісціну, ён стаў адначасова ахвярай таямніцы зла, што прысутнічае ў свеце. Але ў Хрысце Стэфан перамог!

І сёння Касцёл, будучы сведкам святла і праўды, адчувае на сабе жорсткі пераслед у розных месцах, аж да вышэйшага выпрабавання мучаніцтвам. Колькі нашых братоў і сёстраў па веры пакутуюць ад жорсткага абыходжання, насілля і нянавісці з-за Езуса! Я скажу вам адну рэч, сёння мучанікаў больш, чым было ў першыя стагоддзі. Калі мы чытаем гісторыю першых вякоў, тут, у Рыме, мы чуем пра вялікую жорсткасць у дачыненні да хрысціян. Заўважу, што такая ж жорсткасць да хрысціян існуе і сёння, і нават у большай меры. Сёння мы ўзгадваем тых, якіх пераследуюць, і адчуваем блізкасць да іх з нашай любоўю, нашай малітвай і нашым крыкам. Учора, у Божае Нараджэнне, пераследаваныя хрысціяне ў Іраку святкавалі яго ў сваёй знішчанай катэдры: і гэта прыклад вернасці Евангеллю. Нягледзячы на цяжкія выпрабаванні і небяспеку, яны мужна сведчаць сваю прыналежнасць да Хрыста і жывуць паводле Евангелля, служачы самым апошнім, пакінутым, робячы дабро ўсім без адрознення. Такім чынам яны сведчаць аб любові ў праўдзе.

Даючы прастору ўнутры нашага сэрца Божаму Сыну, Які прыносіць нам сябе ў Божым Нараджэнні, мы абнаўляем радаснае і адважнае жаданне з даверам ісці выключна за Ім, настойліва жывучы ў адпаведнасці з менталітэтам Евангелля, адмовіўшыся ад менталітэту моцных гэтага свету.

Панне Марыі, Маці Божай і Каралеве Мучанікаў, мы давяраем нашу малітву, каб Яна вяла нас і заўсёды падтрымлівала ў нашым падарожжы наследавання Езуса Хрыста, Якога сузіраем у яслях пячоры і Які з’яўляецца верным сведкам Бога Айца”, - сказаў Папа.

На заканчэнне сваёй сустрэчы з вернікамі, Францішак падзякаваў за ўсе святочныя віншаванні, якія ў апошнія дні надыйшлі на яго імя ў Ватыкан.








All the contents on this site are copyrighted ©.