2016-12-24 13:04:00

Пантыфік узначаліць цэлебрацыі на Божае Нараджэнне


Францішак традыцыйна ўзначаліць святочныя цэлебрацыі ў перыяд Божага Нараджэння.У суботу 24 снежня ў 21.30 па мясцовым часе Папа правядзе св. Імшу ў вігілію Нараджэння Пана ў ватыканскай базыліцы. Яе будуць трансліраваць шматлікія тэлекампаніі па ўсім свеце. Тэлеканал “Беларусь 1” пачне трансляцыю з Ватыкана ў 23.40 па беларускім часе. 

25 снежня, у сам дзень Божага Нараджэння, Святы Айцец у 12.00 па мясцовым часе з цэнтральнай лоджыі галоўнага каталіцкага храма свету ўдзеліць урачыстае благаслаўленне “Urbi et Orbi” (Гораду і свету) і звернецца са сваім “пасланнем міру”. Тэлеканал “Беларусь 3” пакажа трансляцыю гэтай падзеі ў 14.20 па беларускім часе.

У суботу вечарам 31 снежня Францішак узначаліць Першыя Нешпары ўрачыстасці святой Багародзіцы Марыі, якія стануць падзякай за адыходзячы год. Пасля іх адбудзецца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, будзе праспяваны гімн “Te Deum” на завяршэнне каляндарнага года.

1 студзеня 2017 г. у 10.00 ва ўрачыстасць святой Багародзіцы Марыі Пантыфік узначаліць Эўхарыстыю ў ватыканскай базыліцы. У гэты дзень, пад дэвізам: “Ненасілле: стыль палітыкі для міру” будзе адзначацца 50-ы Сусветны дзень міру. Папскае пасланне з яго нагоды ўжо было апублікавана ў Ватыкане ў сярэдзіне снежня.

Пантыфік будзе цэлебраваць яшчэ некалькі св. Імшаў у пачатку 2017 г.: 6 студзеня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, і 8 студзеня, ва ўрачыстасць Хросту Пана. Апошняя Эўхарыстыя будзе праходзіць у Сікстынскай капэле, падчас яе Папа ўдзеліць сакрамэнт хросту некалькім дзецям.








All the contents on this site are copyrighted ©.